БАЖ патрабуе спыніць знішчэнне беларускіх незалежных СМІ



Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе ад уладаў спыніць знішчэнне незалежных СМІ, гаворыцца ў заяве, прынятай БАЖ у сувязі з чарговымі вобшукамі ў рэдакцыях беларускіх медыя.

„Раніцай 8 ліпеня прадстаўнікі сілавых структур прыйшлі ў рэдакцыю незалежнага выдання „Наша Ніва” і дадому да работнікаў медыя, — гаворыцца ў заяве. — Супрацоўнікі рэдакцыі „НН” перасталі выходзіць на сувязь, у некаторых з іх прайшлі ператрусы. Пасля ператрусаў галоўнага рэдактара „Нашай Нiвы” Ягора Марціновіча і рэдактара выдання Андрэя Скурко павезлі на допыт”.

Адначасова, адзначае БАЖ, Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт „Нашай Нівы” на падставе „паведамлення Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае пунктам 1 артыкула 38 закона Рэспублікі Беларусь”Аб сродках масавай інфармацыі”. „Прычым доступ да сайта nn.by абмежаваны не толькі ў Беларусі, але і з-за мяжы”, — падкрэслівае БАЖ.

У заяве гаворыцца, што прайшлі вобшукі ў рэдакцыях рэгіянальных выданняў Intex-press (Баранавічы, Берасцейскай вобласць) і „Брестская газета”, а таксама ў журналістаў і рэдактараў сайта Orsha.eu (Орша, Віцебская вобласць).

Акрамя таго, падкрэслівае БАЖ, працягваецца націск на партал tut.by — напярэдадні Эканамічны суд Мінска на закрытым пасяджэнні прызнаў законным рашэнне камісіі аб прызнанні матэрыялаў партала экстрэмісцкімі. Пятнаццаць супрацоўнікаў tut.by і звязаных з парталам арганізацый знаходзяцца ў зняволенні.

„Наогул за кратамі ці пад хатнім арыштам сёння ў Беларусі знаходзіцца 25 супрацоўнікаў медыяарганізацый (без уліку работнікаў „НН” і Orsha.eu, лёс якіх пакуль невядомы), — гаворыцца ў заяве. — У Гародні суд разглядае пытанне аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў мясцовага інтэрнэт-партала Hrodna.lifе. У Берасці за „распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” судзяць рэдактара навін сайта „Першы рэгіён” Алега Супрунюка”.

БАЖ падкрэслівае, што „пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам улады спрабуюць знішчыць беларускія незалежныя СМІ”.

„Вынік рэпрэсій супраць незалежных СМІ і журналістаў будзе супрацьлеглымі таму эфекту, на які разлічваюць іх ініцыятары, — гаворыцца ў заяве. — Грамадства замест верыфікаванай і выкладзенай у адпаведнасці з журналісцкай этыкай інфармацыі будзе чытаць матэрыялы, якія не адпавядаюць нават мінімальным прафесійным стандартам”.

БАЖ патрабуе ад уладаў „спыніць знішчэнне свабоднага слова ў Беларусі”.

belapan.by