БАЖ патрабуе вызвалення галоўнага рэдактара «Нашай Нівы»



Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе вызвалення галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» ды заяўляе пра ціск на рэдакцыю незалежнага выдання. 23 верасня Ягора Марціновіча затрымалі паводле падазрэння ў «паклёпе».

Падставай стаў матэрыял, дзе згадваецца намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Аляксандар Барсукоў. Як кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, артыкул – гэта толькі нагода для больш жорсткага ціску на незалежнае выданне.

– Падобна, што ёсць нейкая крыўда сілавікоў на «Нашу Ніву». Думаю, што гэта толькі нагода. Глабальна «Наша Ніва» асвятляла пратэсты і засталася папулярнай нават пасля блакавання. Нагадаю, што сайт выдання заблакаваны. Я думаю, што гэта костка ў горле. «Наша Ніва» заўсёды дазваляе сабе больш чым TUT.by, напрыклад, чым БелаПАН. Таму вырашылі нейтралізаваць гэтую рэдакцыю, узмоцніць ціск і пасадзіць галоўнага рэдактара.

У звязку з гэтым БАЖ патрабуе неадкладна вызваліць Ягора Марціновіча і спыніць крымінальны пераслед. Яго затрымалі як падазраванага па крымінальнай справе па арт. 188 КК («Паклёп»). Затрыманне і крымінальная справа, імаверна, звязаныя з інтэрв’ю дыджэя Сакалоўскага, які расказаў, што на Акрэсціна яго біў у карцары чалавек, падобны да намесніка міністра ўнутраных спраў. Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча на трое сутак змясцілі ў ізалятар.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Наша Ніва