БАЖ патрабуе знайсці вінаватых у збіцці эканаміста Сяргея Чалага
Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе ад пракуратуры знайсці і пакараць вінаватых у нападзе на эканаміста і вядучага праграмы „Эканоміка на пальцах” на партале tut.by Сяргея Чалага, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
БАЖ заклікае генеральнага пракурора, старшыню Следчага камітэта і міністра ўнутраных спраў узяць расследаванне справы пад асабісты кантроль.
„Калегі не выключаюць, што збіванне звязанае з журналісцкай дзейнасцю Сяргея Чалага. Гэты факт дадае расследаванню злачынства яшчэ большую важнасць, — гаворыцца ў заяве. — У адпаведнасці з падыходам ААН, сфармуляваным офісам вярхоўнага камісара па правах чалавека, для забеспячэння абароны журналістаў і іншых прадстаўнікоў СМІ неабходна прымаць самыя актыўныя меры па барацьбе з беспакаранасцю за гвалт і напады. Дзяржавы павінны забяспечваць правядзенне эфектыўнага, аператыўнага, стараннага, незалежнага і непрадузятага расследавання ўсіх выпадкаў пагроз і нападаў. Да таго часу пакуль фактычныя і патэнцыйныя правапарушальнікі не будуць ведаць, што любая пагроза цi напад на прадстаўніка прэсы пацягне за сабой прававыя наступствы, забеспячэнне абароны журналістаў будзе заставацца сур’ёзнай праблемай”.
Чалы з двума прыяцелямі адпачывалі 18 траўня спачатку ва ўніверсаме „Цэнтральны”, потым — у кафэ Kuriza Pomada. Канфліктаў у іх ні з кім не ўзнікала. Пасля закрыцця кафэ кампанія выйшла на вуліцу і прайшла ў дворык, дзе на іх напалі невядомыя.
У Чалага канстатавалі страсенне мозгу, удары перадплечча і пералом касцей носа. Аперацыя не спатрэбілася. Зараз эканаміст знаходзіцца ў менскай бальніцы хуткай дапамогі, колькі часу ён там правядзе, невядома.
У другога пацярпелага Анатоля Сакалоўскага — удары і страсенне мозгу, шпіталізацыя яму не спатрэбілася.
Твараў нападнікаў пацярпелыя не бачылі — тыя напалі ззаду, але аднаго з іх паспеў разглядзець іх прыяцель, які ў момант інцыдэнту знаходзіўся ў баку. Ён ужо даў паказанні ў міліцыі.
Расследаваннем інцыдэнту займаецца УУС Цэнтральнага раёна Менска.