БАЖ працягвае сваю законную дзейнасць
Следчы камітэт вярнуў Беларускай асацыяцыі журналістаў частку маёмасці і дакументаў, забраных падчас апошняга ператрусу, які адбыўся месяц таму – 16 лютага.
Па словах намесніка старшыні БАЖу Барыса Гарэцкага, раніцай 16 сакавіка старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец быў выкліканы ў Следчы камітэт на допыт як сведка:
– Нагадаю, што з Андрэя ўзятая падпіска пра неразгалошванне, таму змест допыту мы не ведаем. Але пасля допыту арганізацыі нарэшце вярнулі сейф, які быў забраны роўна месяц таму падчас ператрусу з пячаткай і статутам арганізацыі. Таксама з учорашняга дня разблакаваны рахунак арганізацыі. Таму пэўная жыццядзейнасць арганізацыі адноўленая, хаця спісы сябраў БАЖ па-ранейшаму знаходзяцца ў Следчым камітэце і тыя заявы, якія пішуць людзі на ўступленне ў арганізацыю.
Па словах Барыса Гарэцкага, арганізацыя працягвае сваю законную дзейнасць. Зараз ідзе падрыхтоўка да з’езду, запланаванага на 16 красавіка.
Барыс Гарэцкі таксама нагадаў, што зараз за кратамі ў следчых ізалятарах знаходзяцца 10 журналістаў і адзін – пад хатнім арыштам.
Беларускае Радыё Рацыя