БАЖ просіць Караева ўзяць пад асабісты кантроль расследаванне правакацый супраць Павука



Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнулася да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з просьбай узяць пад асабісты кантроль праверку фактаў супрацьпраўных дзеянняў супраць члена арганізацыі, блогера Андрэя Павука, паведамляецца на сайце БАЖ.

У звароце адзначаецца, што на працягу доўгага часу Павук і яго сямʼя зведваюць псіхалагічны націск і запужванне ў выніку супрацьпраўных дзеянняў неўстаноўленых асоб. На думку БАЖ, прычынай правакацый у дачыненні да відэаблогера можа зʼяўляцца яго дзейнасць па распаўсюджванні інфармацыі.

«БАЖ просіць міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Караева ўзяць пад асабісты кантроль правядзенне праверак па фактах супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да Андрэя Павука. І даць указанне супрацоўнікам тэрытарыяльных органаў унутраных спраў прыняць усе магчымыя эфектыўныя меры па правядзенні праверак, накіраваных на ўстанаўленне вінаватых і прыцягненне іх да ўстаноўленай законам адказнасці», – гаворыцца ў звароце.

У БАЖ падкрэсліваюць, што органы ўнутраных спраў не прымаюць эфектыўных мер, накіраваных на тое, каб знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У звароце згадваюцца факты паведамленняў аб ілжывым мініраванні, нібыта здзейсненыя з асабістай пошты блогера са згадваннем яго нумара тэлефона. Пасля першага з гэтых паведамленняў, 20 сакавіка, дадому да блогера прыйшла міліцыя. Супрацоўнікі ўнутраных спраў затрымалі Павука, правялі ў яго вобыск і канфіскавалі тэхніку. Свае дзеянні міліцыянеры патлумачылі тым, што ад імя блогера на сайт Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС паступіла паведамленне аб мініраванні будынка райвыканкама ў Акцябрскім. Павука першапачаткова прызналі падазраваным па арт. 340 КК (ілжывае паведамленне аб небяспецы). Потым тэхніку вярнулі, падазрэнні знялі. Крымінальная справа дагэтуль не закрытая – асоба грамадзяніна, які паведаміў пра мініраванне, не ўстаноўлена.

У верасні блогер падаў іск з патрабаваннем спагнаць з міліцыі маральную шкоду за нематываванае затрыманне і вобыск у сакавіку 2019 года. Напярэдадні суда яму ў Viber паступілі звароты з пагрозамі.

Акрамя таго, увечары 4 кастрычніка Андрэю Павуку патэлефанаваў аператыўны дзяжурны РАУС і паведаміў, што ў міліцыю паступіў тэлефонны званок нібыта з нумара самога Павука, падчас якога невядомы, які назваўся Андрэем, і паведаміў яго хатні адрас, сказаў, што «забіў сваю жонку Вольгу». Жонка Андрэя Вольга была вымушана тлумачыць, што гэты званок – правакацыя.

baj.by