БАЖ просіць сваіх чальцоў часова не пералічваць унёскі на рахунак арганізацыі



Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) просіць сваіх чальцоў часова не пералічваць унёскі на рахунак арганізацыі.

„У сувязі з тым што падчас вобшуку ў офісе грамадскага аб`яднання „БАЖ” былі забраныя пячатка і дакументы, просім вас пакуль не аплачваць узносы на рахунак арганізацыі, паколькі вялікая верагоднасць таго, што рахунак будзе заблакаваны”, — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у тэлеграм-канале асацыяцыі.

Раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі пачаліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў.

Падчас вобшуку ў офісе БАЖ канфіскаваныя тэхніка, сейф, папка з заявамі на ўступленне ў арганізацыю, некаторыя асобнікі часопіса „Абажур”. Офіс апячатаны. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які прысутнічаў пры вобшуку, не затрыманы. Не затрыманыя таксама яго намеснікі Барыс Гарэцкі і Алег Агееў, да якіх дадому таксама прыходзілі сілавікі.

Сілавікі прыходзілі дадому да праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў у Менску, Гомелі, Рэчыцы, Мазыры, Светлагорску, Магілёве, Віцебску, Берасці.

Вобшукі ў БАЖ, а таксама ў журналістаў і праваабаронцаў у рэгіёнах праводзяцца ў межах расследавання справы на падставе арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса, паведаміў Следчы камітэт. „У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СК.

Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў (IFJ і EFJ адпаведна) апублікавалі на сваіх сайтах заявы, у якіх выступілі ў абарону прадстаўнікоў медыя і запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць іх пераслед.

„Гэта яшчэ адна абуральная атака на свабоду прэсы, і мы катэгарычна асуджаем атакі на нашых калегаў з БАЖ, іншых журналістаў і праваабаронцаў, — заявіў прэзідэнт IFJ Юнес Муджахід. — Мы патрабуем, каб улады Лукашэнкі раз і назаўсёды спынілі пераслед прэсы. Мы таксама заклікаем міжнародныя арганізацыі прыняць жорсткія меры для падтрымкі свабоды прэсы ў Беларусі”.

„На працягу некалькіх тыдняў мы выкрываем узмацненне рэпрэсій у дачыненні да дэмакратычных сілаў у Беларусі. Пасля адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу журналістаў беларуская дыктатура цяпер ажыццяўляе атаку на прадстаўнічую журналісцкую арганізацыю. Міжнароднай супольнасці варта нарэшце прыняць меры, каб пакласці канец злоўжыванням нелегітымнага прэзідэнта Лукашэнкі”, — адзначыў прэзідэнт EFJ Могенс Бліхер-Б`ерэгард.

IFJ і EFJ заклікалі АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрапейскі звяз „прыняць меры для аднаўлення вяршэнства закона ў Беларусі”.

Камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дунья Міятавіч заявіла пра непрымальнасць уціску журналістаў і праваабаронцаў у Беларусі. „Уціск у Беларусі праз вобшукі, арышты і крымінальны пераслед журналістаў і праваабаронцаў, уключаючы партнёраў Савета Еўропы і ААН, непрымальны. Свабода выказвання меркаванняў, асацыяцый і сходаў павінна быць забяспечаная ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў сферы правоў чалавека”, — напісала яна ў „Твітэры”.

belapan.by