БАЖ: Самыя закрытыя ад журналістаў ведамствы — ААЦ, МУС і КДБ
Самымі закрытымі ад журналістаў ведамствамі з’яўляюцца Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце (ААЦ), МУС і КДБ. Такія вынікі апытання супрацоўнікаў СМІ пра адкрытасць асноўных дзяржаўных ведамстваў і арганізацый, якое праводзілася ўжо ў чацвёрты раз Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ).
У апытанні ўдзельнічалі 50 супрацоўнікаў вядучых дзяржаўных і недзяржаўных СМІ: „СБ. Беларусь сегодня”, „Звязда”, „Рэспубліка”, „Наша ніва”, „Радыё Свабода”, „Еўрарадыё”, „Комсомольская правда” в Белоруссии”, tut. by, БелаПАН, „Новы час” і іншыя. Журналістаў прасілі ацаніць адкрытасць ведамства — наколькі лёгка атрымаць інфармацыю пра чыноўнікаў.
Найлепшыя адзнакі атрымалі МНС, МЗС, Дзяржпагранкамітэт, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства спорту і турызму.
У пяцёрку найбольш закрытых, акрамя ААЦ, МУС і КДБ, таксама ўвайшлі ГУУС Мінгарвыканкама і ўпаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў.
Сярод ведамстваў з нізкай ацэнкай журналістаў, якія ўдзельнічалі ў апытанні, таксама Адміністрацыя прэзідэнта (у тым ліку прэс-служба прэзідэнта) і Міністэрства аховы здароўя.
„Агульныя нараканні журналістаў на ведамства, дзе дрэнна арганізаваная праца са СМІ, традыцыйныя, — адзначае БАЖ. — Гэта немагчымасць аператыўна атрымаць інфармацыю, складанасці з доступам журналістаў на мерапрыемствы, прыярытэтнае даванне інфармацыі дзяржаўнаму агенцтву БелТА”.
„БАЖ ужо чацвёрты раз праводзіць такое апытанне, — паведаміў намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі. — На жаль, самыя горшыя ацэнкі калег атрымліваюць адны з самых важных у дзяржаве структур. Некаторыя структуры калегі называюць проста закрытымі. Даволі сумны вынік, так як аператыўная і пэўная інфармацыя ў медыя — гэта гарантыя інфармацыйнай бяспекі краіны. Разам з тым хочацца падзякаваць ведамствы, якія працуюць са СМІ на высокім узроўні”.
Вынікі апытання БАЖ разашле ва ўсе дзяржорганы.
belapan.by