БАЖ святкуе 20-годдзе
Дваццацігоддзе існавання грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» адзначаюць яе сябры ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Ужо адбылася галоўная імпрэза ў Менску, а рэгіянальныя філіі працягваюць ладзіць святочныя мерапрыемствы.
Якую ролю БАЖ адыгрывае ў іх жыцці і прафесійнай дзейнасці распавядаюць журналісты з розных рэгіёнаў:
Анатоль Гатоўчыц, старшыня Гомельскага аддзялення БАЖ:
— Гэта, найперш, прафесійная арганізацыя, дзе ёсць і салідарнасць, і вучоба, і творчы рост, дзе ёсць сіла духу, еднасці і адданасці прафесіі.
Анатоль Санаценка, галоўны рэдактар газеты «Бабруйскі кур’ер»:
— БАЖ дапамагае адчуваць сябе ў камандзе. Тут заўсёды ёсць падтрымка, ёсць юрысты. Цяпер журналісты, асабліва ў нашых беларускіх абставінах, павінны быць разам, каб адбіваць напады на нас, якія яшчэ бываюць з боку ўладаў: КДБ і гэтак далей.
Галіна Будная, галоўны рэдактар газеты «Узгорак», Магілёўская вобласць:
— БАЖ — гэта перш за ўсё энергетычны зарад, абарона, падтрымка сяброў і калегаў. БАЖ — выдатная арагнізацыя, без якой, магчыма, нават існаванне нашай газеты было б праблематычным.
16 верасня 1995 года ў менскім Доме літаратараў адбыўся сход заснавальнікаў грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», на якім ухвалілі першы статут арганізацыі. 20 кастрычніка таго ж года аб’яднанне зарэгістравалі ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі.