БАЖ: У Пінску не выходзяць на сувязь два журналісты



У Пінску (Берасцейская вобласць) не выходзяць на сувязь два журналісты, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на галоўнага рэдактара сеткавага выдання Media-Polesye (media-polesye.by) Святлану Гарду.

„Сёння ў 6.30 да відэакарэспандэнта „Медыя-Палесся” Андрэя Якімуша ў дзверы ламіліся невядомыя. Пра гэта ён паспеў паведаміць калегу. Цяпер ён на сувязь не выходзіць”, — гаворыцца ў паведамленні.

У БАЖ адзначылі, што ў гэты момант у кватэры Якімуша праходзіць вобшук.

Яшчэ адзін пінскі журналіст, Віктар Ярашук, недаступны па тэлефоне з раніцы. Яму таксама ўдалося паведаміць пра вобшук дома.

Абодва журналісты раней адбылі арышт паводле арт. 23.34 КоАП.

belapan.by