БАЖ заклікае агучыць інфармацыю па „справе патрыётаў”
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала сілавыя структуры інфармаваць грамадскасць аб ходзе расследавання. Фігурантаў справы абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.
У цяперашні час за кратамі застаюцца 18 абвінавачаных. Зварот апублікаваны на сайце БАЖ і адрасаваны старшыні Следчага камітэта Івану Наскевічу, кіраўніку КДБ Валерыю Вакульчыку і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.
Журналісты просяць кіраўнікоў сілавых структур даць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання ўвогуле ўсіх крымінальных спраў, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс, – кажа прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
– Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе, каб следчыя органы распавялі грамадству на якім этапе зараз следства, у чым абвінавачваюць гэтых фігурантаў “справы патрыётаў”, і каб інфармацыя па гэтай справе давалася не выбарачна, не дазіравана нейкіх там асобным прывілеяваным сродкам масавай інфармацыі, а каб усе выданні мелі доступ да поўнай, праўдзівай, дакладнай інфармацыі па гэтай „справе патрыётаў”, у якой так вельмі шмат цёмных плямаў, а следчыя органыя яшчэ больш іх дадаюць, не распаўсюджваючы інфармацыю.
Як адзначаецца у звароце, «справе патрыётаў» былі прысвечаныя матэрыялы некаторых дзяржаўных СМІ, заснаваныя нібыта на інфармацыі следства. Пры гэтым, як правіла, не называліся ні аўтары гэтых матэрыялаў, ні службовыя асобы, якія падавалі звесткі, «а самі матэрыялы часцяком выглядалі суб’ектыўнымі і аднабокімі».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя