БАЖ звярнулася да спецдакладчыка ААН з нагоды ўмоваў утрымання Юліі Слуцкай



Спецдакладчыка ААН па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя праінфармавалі пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА заснавальніцы „Прэс-клуба Беларусь” Юліі Слуцкай. Адпаведны зварот накіравала ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Слуцкая была затрыманая 22 снежная мінулага года. У лістах яна не раз паведамляла, што ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 у маленькай камеры з сямю іншымі жанчынамі. „Большасць з іх паляць у камеры. Вокны ў камеры не толькі закратаваныя, але і маюць жалезныя жалюзі, якія не прапускаюць дзённае святло і ўскладняюць доступ паветра, — адзначае БАЖ. — За час утрымання ў гэтых умовах зрок Юліі Слуцкай настолькі пагоршыўся, што яна страціла здольнасць чытаць і пісаць без ачкоў. На працягу ўсяго зняволення яна пакутуе ад кашлю і праблем з сэрцам, верагодна, з-за таго, што некалькі чалавек пастаянна паляць у перапоўненым памяшканні”.

На думку БАЖ, такія ўмовы ўтрымання ў СІЗА супярэчаць параграфам 9, 10, 11, 22 (2), 53, 86, 91 Мінімальных стандартных правіл ААН у дачыненні да абыходжання са зняволенымі.

„Акрамя гэтага, адвакат Слуцкай неаднаразова падаваў хадайніцтва аб змене меры стрымання з указаннем стану яе здароўя і іншых абставінаў, але ўсе яны былі адхіленыя. Следчыя дзеянні з удзелам Слуцкай не праводзіліся ўжо некалькі месяцаў. У яе няма крымінальнага мінулага, і яе меркаваныя злачынныя паводзіны носяць негвалтоўны характар. Нягледзячы на гэтыя факты, тэрмін утрымання пад вартай Юліі Слуцкай кожны раз працягваецца”, — падкрэслівае БАЖ.

У паведамленні адзначаецца, што згодна з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН у дачыненні да мер, не звязаных з турэмным зняволеннем, папярэдняе ўзяцце пад варту выкарыстоўваецца ў судаводстве па крымінальных справах як крайняя мера пры ўмове належнага ўліку інтарэсаў расследавання меркаванага правапарушэння і абароны грамадства і ахвяры. Альтэрнатывы з папярэднім знаходжаннем пад вартай прымяняюцца як мага раней, падкрэслівае БАЖ.

22 снежня 2020 года ў офісе „Прэс-клуба” і дома ў шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі вобшукі і агляды. Пасля гэтага было затрымана шэсць чалавек: Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Акадэміі „Прэс-клуба” Сяргей Якупаў, аператар Пётр Слуцкі (сын Юліі Слуцкай), а таксама Ксенія Луцкіна — член асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, звязаная з праектам „альтэрнатыўнага тэлебачання” на YouTube, дачыненне да якога мела Акадэмія „Прэс-клуба”.

31 снежня Слуцкай, Альшэўскаму, Слуцкаму і Луцкінай былі выстаўленыя абвінавачванні, Якупава, у якога расійскае грамадзянства, дэпартавалі ў Расію без выстаўлення абвінавачвання. Слуцкую абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну, Слуцкага — у саўдзеле. У пачатку студзеня сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Следчага камітэта амаль 110 тыс. рублёў як „забеспячэнне кампенсацыі магчымай шкоды”.

Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманых супрацоўнікаў „Прэс-клуба” палітвязнямі.

belapan.by