БАЖаўцы здзейснілі вандроўку па мясцінах гомельскага Швейка
Самы вядомы гомелец у свеце – гэта літаратурны персанаж, габрэй Лазік Ройтшванец з кнігі пісьменніка Іллі Эрэнбурга. У Гомелі правялі экскурсію па мясцінах, якія ўзгадваюцца ў творы “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”. Такім чынам, у горадзе ўзгадалі пытанні захавання памяці пра габрэйскую спадчыну ў Беларусі.
Год 2008-ы. Мы з Юляй Сівец вучымся на праграме SEW Варшаўскага ўніверсітэта. На адным з іспытаў выкладчыкі нечакана запытваюць пра самых вядомых людзей, якія паходзяць з Гомельшчыны. Перабіраем усіх: ад Кірыла Тураўскага да Алеся Бяляцкага. Згадваем таксама архітэктара Станіслава Шабунеўскага і філосафа Ігара Бабкова. Нашыя адказы, бачым, прафесараў не задавальняюць. Раптам адзін з выкладчыкаў гаворыць: “Вядома, у Гомелі шмат нарадзілася славутых асобаў. Але ва ўсім свеце ваш горад ведаюць найперш дзякуючы Лазіку Ройтшванецу”. Да свайго сораму, прызнаемся, што мы не ведалі ў той момант пра забаронены да 1989 года савецкай цэнзурай твор Іллі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”. Кніга выйшла ў свет у 1928 годзе ў Берліне. Гомельскі кравец Лазік Ройтшванец – габрэйскі Швейк, які кахае Фенічку Гершановіч і палымяна любіць Гомель. А вось ад бальшавікоў і разнастайных шавіністаў яму дастаецца пастаянна.
Некалькі цытатаў з рамана Іллі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”:
“Стоячы на высокім беразе Сажа, гамельчукі даволі працяглы час спрачаліся. Пфэйфер нават запішчаў: – Я вам кажу, што гэты “Камуніст” сеў, і ён сеў, і ён сядзіць, а мы можам ісці да сябе спаць. (Добра, што не было тут грамадзянкі Пуке! Потым патлумач каму, што “Камуніст” – гэта звычайны беспартыйны параход, загружаны яйкамі і кіеўскай гастрольнай трупай, які сеў на мель)…”
“Скулка – глупства, скулка ўзыходзіць і заходзіць, як які-небудзь гомельскі камісар”.
“У Гомелі, нягледзячы на ўсе нашыя вялікія заваяванні, няма дагэтуль адпаведных труб. Ад змрочнага мінулага атрымалі ў спадчыну гомельцы непрыстойныя бочкі, якія грукочуць на галоўнай вуліцы. Прашу Гомелем за гэта не пагарджаць. Як-ніяк у Гомелі мноства асветніцкіх пачынанняў, два тэатры, цырк, не кажучы ўжо пра кіно. А цалкам распрацаваны праект трамвая? Што ж датычыць трубаў, то гэта дробная дэталь. Ужо наколькі знакамітыя Афіны, а ў Афінах таксама няма гэтых трубаў, так што нечага папракаць непрыстойнымі бочкамі Гомель”.
І вось праз 90 гадоў з моманту публікацыі твора сябры Гомельскай філіі БАЖ вырашылі выправіць гістарычную несправядлівасць, прыцягнуць увагу чытача да самага значнага у ХХ стагоддзі твора пра Гомель. З гэтай мэтай у горадзе над Сожам прайшла серыя мерапрыемстваў, звязаных з найбольш пазнавальным у свеце літаратурным персанажам з гомельскай прапіскай.
Пісьменнік Сяргей Балахонаў правёў для журналістаў экскурсію па лакацыях, якія згадваюцца ў творы Эрэнбурга. Сярод пазнавальных месцаў, дзе разгортваюцца дзеі рамана, – Духоўная вучэльня, Кіеўскі спуск, парк князя Паскевіча, Базарная плошча і няісны “дом на вуліцы Клары Цэткін”.
Падчас лекцыі Сяргея Балахонава журналісты задавалі мноства пытанняў пра значнасць твора. А Ларыса Шчыракова паўжартам агучыла сенсацыйную гіпотэзу пра тое, што, магчыма, сапраўдным аўтарам рамана пра Гомель з’яўляецца нейкі ананімны гамяльчук. Сяргей Балахонаў рашуча аспрэчыў такую версію, заўважыў, што Эрэнбург неаднойчы быў у Гомелі, меў тут шырокае кола знаёмцаў і сяброў.
“Гэты твор – на ўзроўні гашакаўскага “Швейка”. Але прыкра, што да нас ён дайшоў вельмі позна, у канцы гарбачоўскай Перабудовы. Атрымліваецца, што пра Гомель Эрэнбурга ведалі ў Еўропе і ў свеце, а ў самім Гомелі – толькі дзякуючы “варожым галасам” і тым, хто прывозіў забароненую кнігу з замежных камандзіровак. Гэты твор, калі б ён трапіў да масавага чытача ў эпоху падвышанай зацікаўленасці да кніг, змяніў бы наш горад да непазнавальнасці. Мы б, магчыма, жылі ў іншым Гомелі”, – падсумоўвае экскурсію Сяргей Балахонаў.
Наступным пунктам праграмы ўдзельнікаў прэс-тура сталася наведванне “Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек”. Менавіта на сцэне гэтага тэатра ў 2017 годзе з’явіўся спектакль “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”. Гараджане цёпла сустрэлі прэм’еру.
Дырэктар тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік распавёў прысутным, чаму для яго пастаноўка твора Іллі Эрэнбурга была вельмі важнай.
“Я нарадзіўся і вырас у Гомелі. Маё дзяцінства прайшло ў раёне Амерыка, як яго называлі тады мясцовыя. Гэта каля Цэнтральнага рынку, дзе праходзяць вуліцы Рэчыцкая, Сталярная, Караленка… І калі я ўпершыню ў 1990-м годзе чытаў раман, я трапіў у сваё дзяцінства. Трэба аддаць належнае Эрэнбургу, у творы апісваецца насамрэч тое, што я бачыў. Можа, ужо не было сумесі камуністычна-хасідскага жаргону, але былі часы, калі мова ідыш гучала на вуліцах Гомеля часцей, чым расейская мова. Ад таго моманту, як я пачаў працаваць у тэатры, у мяне была вялікая мара паставіць спектакль паводле Іллі Эрэнбурга”, – гаворыць Дзмітрый Гарэлік.
Журналістка партала “Дзелавы Гомель” Вольга Раўчанка зазначае, што са школьнай лавы яна ведае пра Іллю Эрэнбурга. Аднак пра твор “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца” яна дазналася менавіта напярэдадні прэс-тура Гомельскай філіі БАЖ.
“Шырокая грамадскасць практычна не ведае нічога пра выбітны твор, бо ў савецкія часы ён знаходзіўся пад забаронай ідэолагаў. Я пачала чытаць кнігу нядаўна. І магу засведчыць, што калі б раман апублікаваны быў некалькі дзесяцігоддзяў раней, то, магчыма, не было б такога масавага ад’езду габрэяў з Гомеля”, – мяркуе Вольга Раўчанка.
Гомельская журналістка Марына Драбышэўская перакананая, што ўвекавечанне літаратурнага персанажа Лазіка Ройтшванеца на вуліцах горада ў выглядзе скульптуры магла б прыцягнуць увагу айчынных і замежных турыстаў.
Завяршальным акордам мерапрыемства стаў канцэрт Гомельскага ансамбля габрэйскай песні. Вядоўца імпрэзы – прызёр Усебеларускага конкурсу народнага гумару – Сямён Клейнер разбаўляў традыцыйныя габрэйскія спевы анекдотамі і жартамі. Прысутныя журналісты азнаёміліся з песеннай спадчынай габрэйскага народа, разам праспявалі “Купалінку” Уладзіміра Тэраўскага і “Хава Нагілу”.
[Not a valid template]
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель