БЧ купіць польскія цягнікі
„PESA Bydgoszcz” – польскі канцэрн, які спэцыялізуецца ў вытворчасці рэйкавай тэхнікі, вырабіць для Беларускай чыгункі новыя дызэль-цягнікі. Такія цягнікі ўжо возяць пасажыраў паміж Вільняй і Менскам, і беларусы імі задаволеныя, піша „Польскае радыё„.
„Цяперашняя вытворчасць дызэль-цягнікоў 730М для БЧ – гэта працяг папярэдняга кантракту, хаця ўжо на падставе асобнага дагавора”, – кажа прэс-сакратар быдгаскага вытворцы Міхал Жукоўскі.
Першы з дызэль-цягнокоў будзе дастаўлены беларускаму боку вясной 2016 году. Як і папярэднія, так і новыя цягнікі будуць абслугоўваць маршрут „Менск-Вільня” прынамсі да часу электрыфікацыі гэтай лініі.
„У цяперашні час мы рэалізуем пагадненне на пастаўку чатырох цягнікоў у 2016 годзе і праўдападобна чарговых чатырох транспартных сродкаў у 2017 годзе”, – дадаў прадстаўнік „PESA”.
Першыя дызэль-цягнікі з Быдгашчы пачалі вазіць пасажыраў у Беларусі на пачатку траўня 2014 году. Яны могуць развіваць хуткасць да 140 км/г.