БЧ набыла два новыя польскія цягнікі
На Беларускую чыгунку прыбылі два новыя дызель-цягнікі вытворчасці польскай кампаніі PESA Bydgoszcz SA, паведаміла прэс-служба БЧ.
Дызель-цягнікі набытыя ў межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця транспартнага комплексу Беларусі на 2016—2020 гады, адзначылі ў прэс-службе. Найбліжэйшым часам плануецца пастаўка яшчэ двух дызель-цягнікоў.
Пусканаладачныя работы на тэхніцы, што прыбыла, праводзяць у лакаматыўным дэпо „Менск”. Рухомаму саставу таксама трэба будзе прайсці сертыфікацыйныя выпрабаванні і прыёмку дарожнай камісіяй, пасля гэтага пачнецца падкантрольная эксплуатацыя. Плануецца, што дызель-цягнікі будуць ажыццяўляць перавозкі пасажыраў міжрэгіянальных ліній бізнес-класа паміж абласнымі цэнтрамі.
У трохвагонным дызель-цягніку 152 стацыянарныя месцы для сядзення. Канструкцыйная хуткасць руху — 140 км/гадз. Як адзначыла прэс-служба, новы рухомы састаў адпавядае сучасным патрабаванням бяспекі руху і камфорту: прасторны салон, мяккія крэслы з індывідуальным рэгуляваннем спінкі крэсла і падлакотнікаў, інфармацыйная сістэма для пасажыраў, шматфункцыянальная зона для перавозкі пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, з дзіцячымі калыскамі, веласіпедамі і буйным багажом. У кожным вагоне ўсталяваныя сістэма кандыцыянавання паветра, прылада цеплавых завес ўваходных дзвярэй, якая перашкаджае паступленню халоднага паветра звонку і выхаду цёплага паветра з салонаў, паніжаная падлога (600 мм) і дзверы, абсталяваныя высоўнымі прыступкамі. Для пасадкі і высадкі пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі прадугледжаныя адкідныя трапы. У цягніку ўстаноўленыя два прыбіральных комплексы вакуумнага тыпу, адзін з якіх прыстасаваны для пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Набыццё сучаснага маторвагоннага рухомага саставу звязанае з рэалізацыяй новага фармату пасажырскіх перавозак. Ён прадугледжвае арганізацыю перавозак пасажыраў паміж абласнымі цэнтрамі камфартабельнымі дызель- і электрацягнікамі, што вызваляе з эксплуатацыі вагоны лакаматыўнай цягі са спальнымі месцамі. Пры гэтым акцэнт зроблены на перавозках у дзённы час, падкрэслілі ў БЧ.