БЧ пракаментавала аварыю на перагоне Крупкі — Прыяміна



Пра аварыю на маскоўскім напрамку паведаміла вечарам 15 ліпеня прэс-служба Беларускай чыгункі.

У 16.08 на перагоне Крупкі — Прыяміна пры руху грузавога цягніка Ворша — Мінск „адбыўся сход 7 парожніх вагонаў”. Усяго ў саставе было 89 вагонаў.

Беларуская чыгунка „праводзіць работы па аднаўленні руху цягнікоў” на пуці. Задзейнічаныя аднаўленчыя цягнікі са станцый Ворша-Цэнтральная і Мінск-Сартавальны.

„Пацярпелых няма. У выніку здарэння шкоды экалогіі не нанесена”, — адзначаецца ў рэлізе.

Рух цягнікоў у абодвух напрамках арганізаваны па другім пуці. У выніку інцыдэнту адбыліся змены ў графіку руху некаторых пасажырскіх цягнікоў. У прыватнасці цягнік міжрэгіянальных ліній бізнес-класа № 704 Мінск — Віцебск адпраўленнем у 17.04 рухаецца змененым маршрутам праз Маладзечна і Полацк. Цягнік міжрэгіянальных ліній эканомкласа № 612 Баранавічы — Віцебск/Крычаў адпраўленнем у 15.10 рухаецца змененым маршрутам ад станцыі Мінск-Пасажырскі праз Асіповічы і Магілёў.

Прычына здарэння высвятляецца. Для расследавання інцыдэнту створаная камісія.

belapan.by

Фота: t.me/beltransport