БЧ прызначыла 79 дадатковых цягнікоў
Курсаваць яны будуць у навагоднія і калядныя святы, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі.
З улікам павышанага попыту пасажыраў на міжнародныя паездкі ў навагоднія і калядныя святы, а таксама канікулярны час Беларуская чыгунка ва ўзаемадзеянні з чыгуначнымі адміністрацыямі Расеі, Украіны і Літвы прызначыла дадатковыя цягнікі па найбольш папулярных у пасажыраў маршрутах.
З 20 снежня па 9 студзеня яны будуць курсаваць па такіх напрамках, як Менск – Масква – Менск, Гародня – Менск – Санкт-Пецярбург, Масква – Берасце – Масква, Масква – Калінінград – Масква, Санкт-Пецярбург – Бранск, Санкт-Пецярбург – Смаленск-Санкт-Пецярбург, Калінінград – Масква – Калінінград, Магілёў – Львоў – Магілёў, Менск – Вільня – Менск.
Чакаецца, што найбольш запатрабаванымі перыядамі попыту на перавозкі стануць 28, 30 і 31 снежня, а таксама 2, 7 і 8 студзеня.
Работа па прызначэнні дадатковых цягнікоў на навагоднія і калядныя святы будзе працягнутая.
Квіткі на дадатковыя цягнікі можна набыць у чыгуначных касах Беларускай чыгункі, на афіцыйным Інтэрнэт-сайце www.rw.by ў раздзеле «Паслугі пасажырам» і з дапамогай мабільнага дадатку «БЧ. Мой цягнік».
Больш падрабязную інфармацыю пра час адпраўлення прызначаных дадатковых цягнікоў можна атрымаць на сайце www.rw.by, а таксама па тэлефоне Кантакт-цэнтра Беларускай чыгункі 105.