БЧ увяла новы графік руху цягнікоў на 2017—2018 гады
Беларуская чыгунка 10 снежня ўвяла новы графік руху цягнікоў на 2017—2018 гады.
Як паведаміла прэс-служба БЧ, на дарогах краін Садружнасці і Еўрасаюза новы графік руху пачаў дзейнічаць сёння з 00.00 гадзін.
„Пры фарміраванні графіка Беларускай чыгункай надавалася ўвага захаванню існуючых актуальных для пасажыраў накірункаў у зносінах з краінамі СНД і Балтыі і пашырэнню маршрутнай сеткі як у міжнародных зносінах, так і ўнутры рэспублікі”, — адзначыла прэс-служба.
У міжнародных зносінах графікам руху цягнікоў на 2017/2018 гады прадугледжаны наступныя змены. Рэгулярныя транспартныя зносіны паміж Менскам і Вільняй з 10 снежня ажыццяўляюцца сучаснымі электрацягнікамі фарміравання як Беларускай чыгункі, так і Літоўскіх чыгунак. Без змены часу знаходжання ў дарозе (2 гадзіны 30 хвілін) пагранічны і мытны кантроль у цягніках № 805/806 і № 804/807 Менск — Вільня цяпер праводзіцца на станцыі Гудагай.
Сумесна з Польскімі чыгункамі арганізаваны штодзённыя перасадачныя зносіны Менск — Берасце — Варшава. Расклад новых цягнікоў № 127/128 Брэст — Варшава — Брэст і № 728/727 Берасце — Менск — Берасце ўзгоднены па часе для перасадкі пасажыраў на станцыі Брэст-Цэнтральны пры руху ў абодва напрамкі. Пагранічныя і мытныя аперацыі ў складзе цягніка Польскіх чыгунак будуць праводзіцца на станцыі Брэст-Цэнтральны, пры гэтым пасажырам неабходна перайсці з састава ў састаў, якія знаходзяцца на суседніх пуцях адной платформы.
З улікам попыту на перавозкі ў летні перыяд 2018 года прадугледжаны цягнік № 451/452 Менск — Варна. Частата звароту гэтага цягніка павялічана з 8 да 16 рэйсаў. З Менска цягнік будзе адпраўляцца 10, 15, 22, 27 чэрвеня, 4, 9, 16, 21, 28 ліпеня, 2, 9, 14, 21, 26 жніўня, 2, 7 верасня. У зваротным напрамку з Варны цягнік будзе адпраўляцца 12 , 17, 24, 29 чэрвеня, 6, 11, 18 ,23, 30 ліпеня, 4, 11, 16, 23, 28 жніўня і 4, 9 верасня.
У летні перыяд штодня будзе курсіраваць цягнік № 94/93 Менск — Адэса, а таксама прадугледжаны штодзённыя зносіны паміж Менскам і Херсонам, Менскам і Бярдзянскам за кошт арганізацыі бесперасадачных вагонаў.
Для ўстанаўлення рэгулярных штогадовых чыгуначных зносін паміж Менскам і Кішынёвам арганізавана курсіраванне бесперасадачных вагонаў фармавання Беларускай чыгункі.
У рэгіянальных зносінах прадугледжваецца пашырэнне маршрутнай сеткі цягнікоў бізнес-класа за кошт уводу ў абарачэнне цягнікоў Менск — Полацк — Менск і Менск — Ліда — Менск.
Таксама аптымізавана схема абслугоўвання участкаў Менск — Маладзечна — Гудагай за кошт падаўжэння маршрутаў электрацягнікоў Менск — Маладзечна да Гудагая і станцый ўчастка Маладзечна — Гудагай. Пасажыры, якія едуць у гэтым накірунку, змогуць штодня ажыццяўляць свае паездкі без перасадкі па станцыі Маладзечна. БелаПАН