БЧБ-плот у Хойніках прызналі несанкцыяваным мерапрыемствам



У Хойніках мужчыну асудзілі за бел-чырвона-белую секцыю плоту, паведамляе TUT.BY.

53-гадовы Аляксандр з Хойнікаў за пафарбаваную ў чырвоны і белы колеры секцыю плота і „вакно” на франтоне дома быў аштрафаваны ў судзе на 20 базавых велічынь (580 рублёў) паводле ч. 1 арт. 24.23 КААП. Яго прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.

„Сцвярджэнні А. аб тым, што пікет ён не праводзіў, судом правераныя і прызнаныя недакладнымі, паколькі ў поўнай меры абвергнутыя доказамі, з якіх вынікае адваротнае і не давяраць якім няма ніякіх падстаў”, — матывуе сваё рашэнне ў пастанове суддзя Андрэй Кардаш.