БДФ ладзіць акцыю дапамогі дзецям



„Нашыя сэрцы – хворым дзецям” – такая акцыя стартуе на Берасцейшчыне. Арганізатары дабрачыннага марафону – прадстаўнікі Берасцейскага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду. У некалькіх буйных гандлёвых цэнтрах Берасця будуць усталяваныя скарбонкі, у якія пакупнікі могуць пакласці свае ахвяраванні.

„Акцыя разлічана на дзяцей, якія па розных прычынах вымушаны сустракаць Новы год і Каляды ў лякарнях або іншых некамфортных для іх умовах”, – адзначыла адна з арганізатараў акцыі Зоя Троцкая:

– Дзіцячы фонд стараецца штогод ахапіць максімальную колькасць дзяцей, якія патрабуюць дапамогі, падтрымкі, увагі і проста добрага Дзядулі Мароза, Снягуркі, якія прыйдуць, зладзяць свята і падаруюць падарунак.

Штогод у Берасцейскай вобласці падарункі чакаюць больш за 1300 дзяцей, якія знаходзяцца ў школах-інтэрнатах, паліклініках, дзіцячых дамах ды малазабяспечаных і шматдзетных сем’ях. Акцыя „Нашыя сэрцы – хворым дзецям” працягнецца да 15 студзеня.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце