БДФ заклікае дапамагчы хворым дзецям



Для аздараўлення анкалагічна хворых і кардыёхворых дзяцей у Берасці шукаюць сродкі. ’’Вясёлка надзеі’’ і ’’Вясёлыя сэрцы’’ – гэта традыцыйныя акцыі Беларускага дзіцячага фонду. Аднак не ўсе дзеткі штогод могуць атрымаць неабходную дапамогу. Колькасць дзетак, што пройдуць аздараўленне, залежыць ад колькасці ахвяраванняў, – адзначыла дырэктарка берасцейскага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Зоя Троцкая:

– Просім усіх жадаючых і неабыякавых да дзіцячай бяды людзей падтрымаць дзейнасць Беларускага дзіцячага фонда і дапамагчы хворым дзеткам. Мы радыя ўсялякай дапамозе. Грошы можна дасылаць на рахунак БДФ, а таксама можна прыносіць цацкі, адзенне, абутак, канцылярскія тавары і інш.

На дадзены момант патрэбу ў дапамозе і аздараўленні маюць больш за тры сотні дзетак па Берасцейскай вобласці. Перадаць ахвяраванні або падарункі дзецям можна па адрасе:  вуліца Дзяржынскага, д.14, або звязацца па нумары тэлефону 80162 20 05 00.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота runews.org