БДУ апусціўся на 20 пунктаў у рэйтынгу найлепшых універсітэтаў свету
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт апусціўся на 20 пунктаў у штогадовым рэйтынгу найлепшых універсітэтаў свету QS World University Rankings. Рэйтынг апублікаваны на сайце topuniversities.com, дзе сабраная інфармацыя пра ўсе ўніверсітэты свету.
Зараз БДУ займае 354-е месца, а ў рэйтынгу 2017/2018 навучальнага года ВНУ была на 334-м месцы. Для параўнання, у 2016—2017 гадах БДУ займаў месца ў групе пазіцый 421—430.
Паводле інфармацыі складальнікаў рэйтынгу, куды беларускія ўніверсітэты трапілі ў 2012 годзе, самай нізкай рэпутацыя БДУ была ў 2014 годзе, самай высокай — у 2018-м.
У рэйтынгу ў групе 801—1.000 знаходзіцца Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Годам раней ён быў у групе 751—800, а ў 2016 годзе — у групе 701.
У пяцёрцы найлепшых універсітэтаў свету — Масачусецкі тэхналагічны інстытут, Стэнфардскі ўніверсітэт, Гарвардскі ўніверсітэт, Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут, Оксфардскі ўніверсітэт.
Сярод ВНУ краін-суседзяў найлепшае месца займае Маскоўскі дзяржаўны універсітэт імя Ламаносава — 90-е. Сёлета ў рэйтынг увайшлі 27 расійскіх універсітэтаў — на тры больш, чым у 2017 годзе.
Тартускі ўніверсітэт (Эстонія) займае 321-е месца, Талінскі тэхналагічны ўніверсітэт — у групе 601-650, Латвійскі ўніверсітэт — у групе 801—1.000. З чатырох прысутных ў рэйтынгу ўніверсітэтаў Літвы найлепшая пазіцыя ў Віленскага ўніверсітэта — 488-е месца. З шасці польскіх ВНУ самыя высокія паказчыкі ў Варшаўскага ўніверсітэта — 394-е месца. Сярод украінскіх універсітэтаў найлепшым з’яўляецца Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Каразіна — 481-е месца.
QS World University Rankings — адзін з самых вядомых сусветных рэйтынгаў ВНУ. Ён уключае тысячу ўніверсітэтаў 85 краін. Пры яго складанні ўлічваецца шэраг параметраў, кожны з якіх ацэньваецца па 100-бальнай шкале. Ацэньваецца акадэмічная рэпутацыя ўніверсітэта, суадносіны выкладчыкаў і навучэнцаў, цытаванне ў міжнародных крыніцах, наяўнасць замежных выкладчыкаў і студэнтаў.
На сёння ў глабальных рэйтынгах прысутнічаюць толькі два беларускія ўніверсітэты — БДУ і БНТУ. БелаПАН