БДУ прыме на вучобу больш за 5 тыс. студэнтаў
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прыме на вучобу больш за 5 тыс. студэнтаў, паведамілі ў прэс-службе ВНУ.
„Усяго БДУ прыме на вучобу 5 142 студэнты, у 2017 годзе залічаных было 5 354. Змяненні ў плане прыёму з’яўляюцца вынікам аптымізацыі структуры прыёму”, – адзначылі ў ВНУ.
На дзённую бюджэтную форму плануецца прыняць 2 122 студэнты (у 2017 годзе – 2 164 чалавекі). Суадносіны месцаў на прыродазнаўчыя і сацыяльна-эканамічныя, гуманітарныя спецыяльнасці складае 67 працэнтаў і 33 працэнты адпаведна. На завочную бюджэтную форму плануецца прыняць 226 студэнтаў (у 2017 годзе – 255).
На платную дзённую форму навучання будуць прыняты 1 850 студэнтаў (у 2017-м залічана 1 958), на завочную форму – 741 (у 2017 годзе – 767). На платную завочную форму для атрымання другой вышэйшай адукацыі прымуць 203 чалавекі, як і ў мінулым годзе.
На скарочаны тэрмін атрымання адукацыі для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі выдзелена 404 месцы (у 2017 годзе – 423), з іх на дзённую форму – 46, на завочную форму – 358.
На педагагічныя напрамкі спецыяльнасцей: біялогія, геаграфія, хімія, матэматыка, беларуская філалогія, руская філалогія, – без экзаменаў будуць прыняты медалісты або скончыўшыя ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дыпломам з адзнакай, пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) трэцяга (абласнога, Менскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, для якіх гэты прадмет вызначаны прадметам першага профільнага іспыту, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета іх установы адукацыі. Таксама без экзаменаў прымуць прайшоўшых навучанне ў профільных класах педагагічнай накіраванасці пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 7 балаў па ўсіх навучальных прадметах і адзнак не ніжэйшых за 8 балаў па навучальных прадметах, што адпавядаюць прадметам профільных іспытаў пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета школы, якую яны скончылі, такім абітурыентам трэба будзе прайсці гутарку ва ўніверсітэце. План прыёму на гэтыя спецыяльнасці на дзённую бюджэтную форму складае 152 месцы (у 2017 годзе – 149).
Акрамя таго, у ВНУ павялічаны план мэтавага прыёму. Ён склаў 53 месцы (у 2017 годзе – 44). Мэтавы прыём ажыццяўляецца па 18 спецыяльнасцях.
Для абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтную форму навучання, а таксама на бюджэт і платную форму навучання на спецыяльнасці, па якіх прадугледжаны ўступныя іспыты ў БДУ, падача дакументаў будзе ажыццяўляцца 12 -17 ліпеня. Выпускнікі профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці, павінны падаць дакументы 12 -14 ліпеня. Для платнікаў тэрмін падачы дакументаў – з 12 ліпеня па 4 жніўня.