Бел-чырвона-белае агра-Міто Віктара Аўгустына



Роўна 8 год таму перабраўся з Ліды ў невялікую, але старажытную вёску Міто вядомы тутэйшы апазіцыянер, 59-гадовы цяпер Віктар Аўгустын. І заснаваў аграсядзібу “Мытнянскі гасцінец”. Яна мае міжнародны попыт, бо сваіх наведвальнікаў ды гасцей гаспадар сплаўляе на плытах па рэчках: Дзітве ды Нёманё. Ад пачатку і да сённяшняга дня над галаўной хатай вісіць бел-чырвона-белы сцяг. Унутры — выява Пагоні.

IMG_0715

IMG_0716

 

IMG_0717

Літаральна за кіламетр ад вёскі — кафельны драўляны ўказальнік, трэба думаць, на прымальнай для замежнікаў трасянцы – «аграўсадзьба “Мытнянскі гасцінец”. Аўтарам назвы, міжвольным натхняльнікам ідэі праекта стаўся вядомы лідскі гісторык ды краязнаўца Валеры Сліўкін, які некалі распавёў спадару Аўгустыну тое ж, што зараз нам:

Валеры Сліўкін: Мыто – старажытнае беларускае слова. Гэта падатак пры пераходзе праз мост, дарогу. Злапалі цябе – плаці “мыто”. Мыто – самая кароткая адлегласць паміж адным берагам і другім. Рака Дзітва была – непраходны лог – праз 15 метраў цябе зассе. Мытны пост там быў, таму так названая вёска. З ХІІ па ХІХ стагодзі тое, што да захаду і поўдня ад Дзітвы – славянская частка, усё што да поўначы і ўсходу – толькі ліцвіны жылі ў Дайноўскім княстве. Мытня была, як “маставая” – масты трэба было трымаць пад аховай, каб не праваліліся, не зніклі. Побач абавязкова была карчма з начлегам. Таму назва аграфірмы мае гістарычны, праўдзівы падтэкст

На двары — гай з векавых дубоў ды елак. Драўляныя скульптуры ды разнаколерны дыліжанс. Лазня з натуральнага дрэва ды камянёў. У прасторнай сядзібе – 5 пакояў-нумароў з шырачэзнымі двух’яруснымі ложкамі. На ўваходзе – вялікі бел-чырвона-белы сцяг з крыжам і надпісам «БНФ Ліда». Сустракае гаспадар: шчуплаваты, але з азартнымі вачыма. Чуваць стукі-грукі сталярнай працы. Спадар Віктар з захапленнем распавядае пра тое, чым жыве.

IMG_0711

Віктар Аўгустын: Месца знаходзіцца на беразе чыстага прытока Нёмана – рэчцы Дзітва. Але апошнім часам торфазавод глебу адыходамі травіць. Неяк выклікаў увосень прыродаахоўную інспекцыю, залез у ваду — выйшаў чорны, як мурын!  Літаральна сёння бачыў чорную чаплю. У гэтых мясцінах афрыканская птушка рэдкасць. Грыбоў, ягад шмат. Тут нізіна, вятроў няма ані ўзімку, ані ўлетку. Параілі засценачак гэты. Знайшлі гаспадыню, яна нам прадала. Тут развалы былі: ні вокнаў, ні дзвярэй, ні падлогі, дзе-нідзе столі. Ні гумна. Цяпер водаправод, гарачая вада. Купляем старыя зрубы моцныя — у нас з ёлкі. На сённяшні дзень прымаем адначасова 12-15 чалавек. Штомесяц чалавек пад 200: расейцы, немцы, літоўцы. Беларусаў паменела: з-за крызіса няма грошай. Але пайшла іншая хваля: вяселлі ў аграсядзібах. Рэстараны становяцца банкрутамі, бо народ пацягнуўся на прыроду – малачко, курачка, качка. У планах кароўка, свінка, каб людзей пачаставаць пальцам піханай каўбасой, кумпячком. Не паспяваеш – столькі хочацца зрабіць…

Перш чым пагутарыць на палітычныя тэмы, прашу расказаць Віктара Аўгустына пра адметнасці “Мытнянскага гасцінца” ды незвычайныя легенды, што ходзяць пра навакольныя мясціны.

Акурат перад маім прыездам з сенсацыйнай заявай выступіў усё той жа  рэдактар незалежнага часопіса “Лідскі летапісец” Валерый Сліўкін. Раней у згаданым выданні ён падтрымаў гіпотэзу пра тое, што гістарычнае Востраўскае пагадненне 4 жніўня 1392 года было падпісанае непадалёк ад вёскі Міто, на Лідчыне. Як вядома, пасля таго гарадзенскі князь Вітаўт стаў правіцелем ВКЛ, пры якім наша старажытная дзяржава дасягнула найбольшага росквіту ды магутнасці. А цяпер сам жа Сліўкін абвяргае гэту версію. Маўляў, сядзіб са словам “востраў” 6-7 толькі на Гарадзеншчыне. А ці паехалі б у дрыгву з пякучымі камарамі польскі кароль Ягайла з жонкай, Вітаўт з радзінай, Скіргайла з абслугай — усіх больш за паўтысячы асобаў?! Спадар Сліўкін лічыць, што пошукі месца заключэння Востраўскага пагаднення тоесныя пошукам зруйнаванай рымлянамі Троі. Якую вечна шукаюць ды вечна не знаходзяць. Польскія гісторыкі, увогуле, лічаць, што яно было заключанае ў маёнтку Востраў, што пад Люблінам.

IMG_0713

Не, гэта не паўтор вядомага чэхаўскага сюжэта пра ўдаву, што выхвастала сама сябе. На ўзгорку, на беразе Дзітвы, ля вёскі Міто дагэтуль стаяць два слупкі: «Гарадзішча» ды «гісторыка-культурная каштоўнасць ахоўваецца дзяржавай». Ды й цікавасць да мясцінаў, паводле таго ж Сліўкіна, не паменшылася. Там сапраўды была сядзіба, аж з ХІІ стагоддзя, і старажытная царква. Але ўпершыню скажам, што ўвесь сыр-бор усчаўся пасля знаходак згаданага гаспадара «Мытнянскага гасцінца» Віктара Аўгустына. Акурат гэта ён пару-тройку гадоў таму знайшоў рэшткі маёнтка. Вось як гэта было:

Віктар Аўгустын: Быў на рыбалцы, месцы дрыгвяныя і калі размокне, да берага Дзітвы не падысці. А побач узвышша. І пасля таго, як прайшла моцная навальніца, сышла вада і праявіўся нейкі фундамент з каменна-цаглянымі прыбудовамі. Паспрабаваў раскалоць – збудавана мацней за любы сучасны…

А яшчэ прывёў мяне Віктар да вядомага на ўсю Лідчыну каменя-вампіра. Праз пакаленні перадалося, што ў выемку, дзе ў самую гарачыню не знікае вада, у старажытнасці клалі ахвярапрынашэнні: бычкоў, козаў. Ваду пакаштавалі — саланаватая на смак. Казалі, што нейкія спрабавалі зрушыць камень з месца – не выйшла. А тыя хто гэта рабіў, неўзабаве злеглі з хваробамі…

IMG_0714

Спытаў пра ўзаемаадносіны з уладамі.

Віктар Аўгустын: Мясцовая ўлада падтрымлівае. Як толькі прыйшлі: «О, нарэшце і ў нас аграсядзіба будзе!»

Пытанне не дзяжурнае. Спадар Аўгустын у апазіцыі ад пачатку БНФ «Адраджэньне». Яго тройчы арыштоўвалі. Першы раз яшчэ ў 90-х мінулага сатгодзьдзя, калі ён з сябрамі спрабаваў усталяваць памятны крыж ксяндзу Фалькоўскаму. Апошні, дарэчы, вядомы тым, што зачытаў вернікам у часе паўстання адозву Кастуся Каліноўскага.

IMG_0718

Пра іншыя арышты суразмоўца ўзгадвае так:

Віктар Аўгустын: Другі раз арыштавалі ў 96-м годзе, калі на Плошчы варочалі машыны. І потым у 97-м, у Лідзе. Я быў прэзідэнтам клуба аматараў футбола. Мы па гарадах ездзілі з бел-чырвона-белым сцягам і сваім аркестрам з музвучэльні. Калі заходзілі на стадыёны, нас трыбуны стоячы віталі. У тыя часы лідскі стадыён быў перапоўнены, калі грала СКА «Ліда». А калі нашы выйгравалі, шэсце з аркестрам і сцягам праходзіла па вуліцах горада. Нас міліцыя суправаджала і не кранала. А ў пэўны момант загад зверху прыйшоў і мяне арыштавалі…

РР: Як, наогул, вайсковец, пасля заможны інжынер-будаўнік, які скончыў і Вышэйшую партыйную школу, «раз і назаўжды», як ён кажа, прыйшоў да апазіцыі і Беларусі?

Віктар Аўгустын: Як толькі прынялі Дэкларацыю Незалежнасці і бел-чырвона-белы сцяг усе плакалі. Годнасць за сваё, што мы вольныя ад гэтага вечнага прыгнёту — вось і зацягнула. Я некалі выпіваў, а тут адразу кінуў піць. Ужо 30 гадоў у рот не бяру, нават піва. У мяне значак бел-чырвона-белы ёсць – «партыя былых алкаголікаў». У нас тут кажуць «апазіцыя» – значыць, паляк. Пусцілі чуткі КДБ і тэлебачанне. Я сам напалову беларус і паляк. Я каталік, дзеці праваслаўныя. Але я кажу: палякі ў Польшчы, беларусы тут. Дагэтуль займаўся рэстаўрацыяй у раёне 16 касцёлаў. Быў у Суботніках. На радзіме Зянона Пазьняка таксама называюць палякам. Аказваецца, дагэтуль там памятаюць дзеда і бацьку ягоных. Па жыцці ваявалі за беларускую мову! За што пры немцах ахвяраваў бацька. У Мыто народ ведае, што я з апазіцыі – хаджу з бел-чырвона-белым значком. Ты не баішся – каго баяцца? Старыя баяцца. Мясцовая жанчына з выбаркама кажа: «Галасы на выбарах Лукашэнкі нават не лічылі, нам сказалі, колькі трэба галасоў і ўсё». (смяецца)  А моладзь кажа:«Каб далі нам зямлю, хаця б тую, што забралі ў дзядоў нашых, мы б паднялі Мыто, хату пабудавалі і сябе пракармілі!»  Я пайду за сваю Незалежнасць на ўсё. Для мяне яна – усё маё жыццё. Сыну і дачцэ сказаў каб бел-чырвона-белы сцяг быў у труне. Я не магу прайсці, калі чалавек пахіснуўся альбо бабка гандлюе каля крамы і іх хапаюць. Для мяне гэта ўжо парушэнне. Працу з-за гэтага не адну страціў. Усё адно буду на сваім. «Мытнянскі гасцінец» таксама мая незалежнасць – ніхто не «тыкае» і яшчэ больш будуць паважаць… Жыць хочацца ў шчаслівай, са сваёй сімволікай ды мовай, Беларусі…

Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці ды звужэнне мясцовага попыту на аграпаслугі, Віктар Аўгустын збіраецца адкрыць сядзібу паблізу. І  таксама пад бел-чырвона-белым сцягам.

IMG_0706

IMG_0709

IMG_0708

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара