Бел-чырвона-белы сцяг ля царквы
Марафон «Люблю Беларусь» наведаў праваслаўную царкву ў Бабруйскім раёне.
У нядзелю 7 лютага актывісты Маладога Фронту ўсталявалі бел-чырвона-белы сцяг ля ўваходу ў праваслаўную царкву, паведамляе mfront.net.
Акцыя адбылася паміж пасёлкамі Бярэзіна і Зара ў прыгарадзе Бабруйска. На камяні з крыжом ля ўвахода ўва двор царквы Сьвятога прарока Іллі быў усталяваны беларускі нацыянальны сцяг.
„Гэтым мы хацелі нагадаць, што карані беларускай нацыі і нашых сімвалаў ляжаць у Хрысце, — кажа Яўген Васьковіч. — Тым больш сёння нядзеля — гэта дзень малітвы, дзень размовы з Богам”.
Бел-чырвона-белы марафон працягваецца. Любіш Беларусь — далучайся!
Нагадаем, акцыя стартавала 4 лютага і скончыцца ў Дзень сьвятога Валянціна ў Менску віншаваннем беларускіх дзеячоў. Кожны жадаючы можа прыняць удзел у марафоне.
Раней бел-чырвона-белыя сцягі былі вывешаны маладафронтаўцамі ў Бабруйску, Маладэчне і Жлобіне.
Фота: mfront.net