Белаазёрскага актывіста Уладзіміра Зубрыцкага пераследуюць улады
Белаазёрскі актывіст Уладзімір Зубрыцкі пакараны штрафам 40 базавых велічынь за здымак у інтэрнэце. Міліцыянтам з Бярозаўскага РАУС здымак падаўся пікетам. На ім людзі стварылі сэрца з бел-чырвона-белых сцягоў. За палотнішчамі ніхто не пазнавальны. Тым не менш справу завялі і вырашылі адыграцца на траіх, хаця на здымку было 11 чалавек. Першым затрымалі Зубрыцкага на трое сутак перад судом і пачалі ціснуць.
Кажа Уладзімір Зубрыцкі:
– Пагражаў начальнік крымінальнага вышуку разбурыць нашу сям’ю. Казаў, што мяне пасадзяць, па мне “крыміналка плача”, шмат нецэнзурнай лексікі прагучала. Там вадзілі па кабінетах, аказвалі ўсялякі ціск.
Суддзя Дзмітрый Кавалевіч
Паводле сябра праваабарончага цэтра „Вясна” Сяржука Русецкага, перашкодай для суддзі Дзмітрыя Кавалевіча для пакарання Зубрыцкага не стала адсутнасць канкрэтных доказаў і тое, што прыватная дача, дзе зроблена фота, не з’яўляецца грамадскім месцам:
– Наколькі грамадскім месцам можна лічыць прыватны ўчастак лецішча ў садовым таварыстве – гаворкі ў судзе зусім не ішло. Дзе на гэтых фотаздымкаў Уладзімір Зубрыцкі ці хаця б ягоная постаць, ці па якіх прыкметах на фотаздымках яго распазналі – таксама ніякіх доказаў не прагучала.
З 10 жніўня Уладзімір Зубрыцкі падвяргаецца пераследу з боку міліцыянтаў. На яго было заведзена 7 адміністрацыйных спраў. Не раз адбываў арышты. Згарэла аўтамайстэрня, дзе Зубрыцкі працаваў і адмовіўся рамантаваць аўтамабілі міліцыянтаў.
Беларускае Радыё Рацыя