КДБ затрымаў намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама



КДБ правёў гучныя затрыманні ў Гомелі. Пра гэта паведамляе БелаПАН, які спасылаецца на неафіцыйную інфармацыю. Нібыта, супрацоўнікі спецслужбы затрымалі першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Максіменку, гендырэктара Гомельскага мясакамбіната Рычарда Стэфановіча, а таксама шэраг іншых асобаў. Звязана гэта з выяўленымі махінацыямі з мясам.

Пакуль праваахоўнікі не каментуюць затрыманне. У прыёмнай першага намесніка аблвыканкама кажуць, што Максіменка знаходзіцца ў камандзіроўцы і будзе на месцы на наступным тыдні. У прыёмнай гендырэктара мясакамбіната сцвярджаюць, што Стэфановіч будзе на працы ў панядзелак.

БелаПАН нагадвае, што Магілёўскі абласны суд разглядае крымінальную справу, распачатую ў адносінах былога першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Віктара Банчука і былога намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Трызны. Яны былі затрыманыя ў траўні 2014-га і падазраюцца ў здзяйсненні карупцыйных злачынстваў. Нібыта, чыноўнікі маюць дачыненне да махінацый з мясам, якое прадавалася ў Расею без перадаплаты. З-за гэтага мясакамбінаты Гомельшчыны панеслі страты.