Беларусь адмовілася прыняць іранца, якому пагражае смерць
Суд Цэнтральнага раёна Менска пакінуў у сіле рашэнне дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі, у якім грамадзяніну Ірана Мерхдаду Джамшыдзіяну адмоўлена ў наданні статусу бежанца. На радзіме яго могуць прыгаварыць да смяротнай кары.
Мерхдад Джамшыдзіян прыехаў у Беларусь у 1993 годзе. Тут ён развіваў бізнес, ажаніўся з беларускай. У канцы 2012 года быў затрыманы. У міліцыі яму паведамілі, што іранскі бок даслаў запыт на яго экстрадыцыю, бо ён падазраецца ва ўчыненні падвойнага забойства.
У запыце адзначана, што Джамшыдзіян мае дачыненне да смерці маці і роднага брата. Больш за год ён правёў пад вартай, пакуль праваахоўныя органы Беларусі вырашалі, што з ім рабіць.
Генпракуратура двойчы адмаўлялася выдаць яго іранскаму боку, бо ён не выканаў умовы экстрадыцыі. Паводле слоў адваката Наталлі Мацкевіч, якая прадстаўляе інтарэсы Мерхдада Джамшыдзіяна ў судзе, улады Ірана не падалі Беларусі пастанову аб прыцягненні яго да адказнасці, а таксама ордэр на арышт. За забойства ў Іране прадугледжанае пакаранне смерцю.
Іранец настойвае, што не забіваў родных. У дакументах адзначана, што забойства адбылося ў верасні 2012 года. Аднак 25 жніўня таго года ён ужо вярнуўся ў Беларусь. Гэта быў апошні дзень, калі ён бачыўся з роднымі. Пацярпелымі па справе прызнаныя яго пляменніца і другі родны брат. Яны неаднаразова звярталіся ў праваахоўныя органы з просьбай спыніць крымінальную справу, давалі паказанні, што перад вылетам у Менск Мерхдад меў зносіны з загінулымі.
Сям’я Джамшыдзіяна лічыць дзеянне іранскіх уладаў палітычнай расправай, бо ягоны загінулы брат быў лідарам апазіцыйнага руху на радзіме.
Гэтыя акалічнасці вядомыя беларускай міграцыйнай службе, аднак было прынятае рашэнне выслаць яго на радзіму. Дзяржорган не прыняў да ўвагі таксама той факт, што ў 2002 годзе іранец змяніў рэлігію — з мусульманскай на хрысціянскую. У Іране гэта прызнаецца вераадступніцтвам і сурова караецца — аж да смяротнага пакарання.
У дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС лічаць, што Джамшыдзіян заявіў пра змену рэлігіі, каб пазбегнуць высылкі. Хоць пастар баптысцкай царквы Сяргей Казлюк на судзе пацвердзіў, што Мерхдад заявіў пра змену веры яшчэ ў 2002 годзе. Рэлігіязнаўца Наталля Кутузава, якую запрасілі ў суд у якасці эксперта, пацвердзіла, што на радзіме Джамшыдзіяна могуць прызнаць вераадступнікам, прычым судовая сістэма ў Іране дзейнічае такім чынам, што суддзя можа вынесці прысуд на падставе суб’ектыўнага пераканання аб справядлівасці, а не аб’ектыўных доказаў.
4 ліпеня суд Цэнтральнага раёна пакінуў у сіле загад дэпартамента — адмовіць Джамшыдзіяну ў наданні статусу бежанца. У яго ёсць 10 дзён, каб абскардзіць гэтае рашэнне ў Менскім гарадскім судзе. Калі і там яму адмовяць, выслаць Мерхдада на радзіму могуць у любы момант, нягледзячы на пагрозу жыццю і тое, што ў Беларусі ў яго застаецца жонка і трое дзяцей.
Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу іранца і накіраваў беларускаму боку просьбу не высылаць яго на радзіму. Аднак беларускі бок неаднаразова ігнараваў патрабаванні гэтага міжнароднага органа, спасылаючыся на тое, што ўсе рашэнні Камітэта носяць рэкамендацыйны, а не абавязковы характар.