Беларусь – адзіная краіна, дзе ў школах не ўвялі каранцін



У Гомелі некаторыя бацькі самі забіраюць дзяцей на каранцін з навучальных устаноў у сувязі з пандэміяй каронавірусу. Сярод іх – Андрэй Стрыжак. Бацька дваіх дзяцей вырашыў не вадзіць свайго сына ў школу.

Андрэй Стрыжак распавёў, што напісаў у школе адпаведную заяву. У дакуменце ён пазначыў, што дзіця будзе адсутнічаць у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй:

– Я не трапляю ў зону рызыкі, маё дзіця таксама. Па статыстыцы, якая ёсць па тым захворванні, якое было ў Кітаі ў першую чаргу, і ў Італіі таксама, маладыя людзі менш хварэюць і менш цяжкіх наступстваў. Але ў мяне ёсць даволі шмат сваякоў і блізкіх людзей, якія трапляюць у зону рызыкі. І таму я лічу для сябе момантам грамадзянскай адказнасці абмежаваць кантакты, каб не тое, што самаму не заразіцца, каб нікога выпадкова не заразіць.

Маці траіх дзяцей Алена Налімава гаворыць, што ў школе бацькі па-рознаму ставяцца да каранцінных мераў:

– Вось я пасядзела на бацькоўскім сходзе, шматлікія там выказвалі меркаванне, што ўсё гэта занадта разадзьмутае, што каронавірус не на столькі небяспечны для дарослых і дзяцей, што гэта ўсё залішняя паніка. Таму дзеці будуць спакойна далей хадзіць у школу, проста захоўваць правілы гігіены больш старанна.

Беларусь – адзіная краіна, дзе ў школах так і не быў уведзены каранцін.

Беларускае Радыё Рацыя