Беларусь адзначае Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў (абноўлена)
15 лютага спаўняецца 26 гадоў з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана, у Беларусі гэты дзень адзначаецца як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Для ўшанаваньня памяці воінаў, якія загінулі ў Афганістане, Менскі гарадскі савет таксама прыняў рашэнне даць участку набярэжнай ракі Свіслач у Менску назву «Набярэжнай Воінаў-інтэрнацыяналістаў».
Урачыстае мерапрыемства прайшло сёння ў цэнтры беларускай сталіцы на “выспе слёз”.
* * *
Па ўсёй краіне адбываюцца мітынгі-рэквіемы. У Пінску ветэраны афганскай вайны ды сваякі загінулых традыцыйна збіраюцца ў Гарадскім парку культуры і адпачынку, дзе ўсталяваны помнік у гонар 16 палеглых пінчан.
Пасля мітынгу-памяці і ўскладання кветак удзельнікі наведаюць пахаванні загінулых у Афганскай кампаніі, якая цягнулася звыш 9 год.
Удзельнік Афганскай вайны (1979-1989) Мікалай Кавалевіч адзначае, што на вайне разумееш адразу, хто чаго варты:
– Прызвалі ў войска, прывезлі ў “вучэбку” і адразу аб’явілі, што нас рыхтуюць для войск у Афганістане. А ўжо праз паўгода ў траўні нас адправілі на вайну. Адразу мы атрымалі магчымасць адчуць жыццё на поўную моц, спазнаць, хто сапраўдны чалавек, а хто – не. І ўсё гэта за два гады.
Жудасная і незразумелая вайна згубіла звыш 15 тысяч грамадзян былога СССР, у тым ліку 711 беларусаў. Праз афганскае пекла прайшло каля 28 тысяч беларусаў, многія з іх атрымалі цяжкія раненні і вярнуліся дадому інвалідамі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота afghanistan.ru