Беларусь адзначае Дзень працы



Нягледзячы на тое, што свята нарадзілася задоўга да з’яўлення СССР, у свядомасці беларусаў яно асацыюецца з краінай саветаў.

“Першамай стаў фікцыяй”, – лічыць грамадскі актывіст з Пінска Дзмітрый Прылоўскі.

– Калі я яшчэ хадзіў у школу, да нас напярэдадні Першамая прыходзіла дэлегацыя і прапаноўвала ўсім уступіць у піянеры. Тыя, хто пагадзіўся, каталіся на бясплатных каруселях у гэты дзень. Я разумею, што гэта грамадскае свята «Мир. Труд. Май». Усе навокал гэта казалі, а затым хутка забылі. Насамрэч усё ідзе па законах рэальнасці, якія яна нам прадстаўляе.

А вось адзін з адраджэнцаў сацыял-дэмакратычнага руху Беларусі, экс-старшыня БСДП “Грамада” Анатоль Ляўковіч перакананы, што Першамай можа набыць новы сэнс.

– Дзень салідарнасці працоўных патрэбны, але якія вынікі з гэтага трэба рабіць. Першага траўня ў нас заўжды адзначаўся як дзень зацятай класавай барацьбы. Мы, беларускія сацыял-дэмакраты, з гэтага зрабілі ўрок. Не класавая барацьба патрэбна, а патрэбны кампраміс, патрэбна кансалідацыя, кансэнсус. Трэба рухацца наперад. Трэба кансалідаваць грамадства.

Тым не менш для большасці беларусаў Дзень працы – гэта пачатак дачнага сезону, у сувязі з якім улады робяць 50% зніжку на праезд у грамадскім транспарце для пенсіянераў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя