Беларусь адзначае Дзень сям’і
Так, у сувязі са святам у Пінску мясцовыя ўлады аб’явілі 15-га траўня Днём цвярозасці, на суткі абмежаваўшы рэалізацыю спіртных напояў, а таксама праводзяць агульнагарадскі конкурс на самую лепшую маладую сям’ю. Інфармацыйную акцыю праводзіць гарадскі “Клуб жанчын”. Праз сацыяльныя сеткі ды мясцовыя форумы актывісты павіншавалі пінчукоў з Днём сям’і і нагадалі пра сямейныя каштоўнасці. Кажа сябра клуба Алена Стаховіч:
– 90-ыя гады былі абумоўлены тым, што было шмат разводаў і вельмі шмат маладых людзей звыш 30 гадоў не стваралі сем’яў. І дзеля таго, каб звярнуць увагу на сем’і, пачаў адзначацца такі дзень. Бо сям’я – гэта аснова грамадства. Як будынак складаецца з цаглінак, так дзяржава складаецца з сем’яў. Наколькі трывалай будзе сям’я, настолькі паспяховым будзе дзяржава. Гэтыя святы павінны быць, іх трэба адраджаць. Трэба, каб у кожнай сям’і было паразуменне, любоў, падтрымка.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на тысячу шлюбаў прыпадае амаль паўтысячы разводаў. Пры чым гэта не заўсёды маладыя сем’і, а часта расстаюцца пары, якія пражылі ў шлюбе 15-20 гадоў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота ria.ru