Беларусь апусцілася на 49-е месца ў рэйтынгу эфектыўнасці медыцыны



У абноўленым рэйтынгу эфектыўнасці сістэм аховы здароўя, які рыхтуе кампанія Bloomberg, Беларусь апусцілася на адну пазіцыю і заняла 49-е месца з 56 краін.

Рэйтынг складаецца аналітыкамі агенцтва Bloomberg на падставе звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Сусветнага банка. Аснова рэйтынгу — тры ключавых паказчыкі, якія вызначаюць эфектыўнасць сістэмы аховы здароўя краіны: сярэдняя чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні, дзяржаўныя выдаткі на ахову здароўя ў выглядзе працэнта ад ВУП на душу насельніцтва, кошт медыцынскіх паслуг у пераліку на душу насельніцтва. Цяперашняе даследаванне ахоплівала 56 дзяржаў з насельніцтвам больш за 5 мільёнаў чалавек, ВУП звыш 5 тысяч долараў на чалавека за год і сярэдняй працягласцю жыцця звыш 70 гадоў, па якіх маюцца дакладныя статыстычныя дадзеныя па ўсіх сямі паказчыках.

Паводле рэйтынгу, сярэдняя працягласць жыцця беларусаў — 73,6 года, а медыцынскія выдаткі на душу насельніцтва складаюць 352 долары, што складае 6,1% ад ВУП.

Першыя тры прыступкі рэйтынгу нязменна займаюць Ганконг, Сінгапур і Іспанія. Чаканая працягласць жыцця ў гэтых краінах — не меншая за 82,8 года, кошт медыцынскіх паслуг у пераліку на душу насельніцтва не вышэйшы за 2.350 долараў.

Італія за год паднялася на дзве прыступкі і займае ў асобнай шкале Bloomberg першае месца ў свеце як самая здаровая краіна.

Тайланд падняўся ў рэйтынгу на 14 месцаў да 27-й пазіцыі. Гэта самы вялікі гадавы рост у рэйтынгу. У пераліку на душу насельніцтва выдаткі скараціліся на 40% да 219 долараў, сярэдняя працягласць жыцця складае 75,1 года. Індустрыя медыцынскага турызму з’яўляецца адной з самых хуткарослых галін у Тайландзе.

Расія, якая ў рэйтынгу 2016 года займала апошнюю пазіцыю, паднялася на два месцы і займае 53-ю прыступку. Зараз апошнія тры пазіцыі займаюць ЗША, Азербайджан, Балгарыя.

Наша суседка Польшча за год апусцілася на 6 пазіцый і займае 24-е месца. Сярэдні расход на душу насельніцтва — 797 долараў. Казахстан падняўся на адзін радок і займае 44-е месца.  БелаПАН