Беларус атрымаў украінскі медаль «За адвагу»
Былы барысаўчанін Аляксандр Малчанаў узнагароджаны ўкраінскім медалём «За відвагу» («За адвагу»). Гэтай узнагародай ён быў уганараваны за ўдзел у баях на аўдзееўскім кірунку.
«Знаходзіўся ў прамзоне Аўдзееўка з лістапада 2016 па чэрвень 2017, удзельнічаў у баях за пазіцыю «Алмаз», прамым навядзеннем біў з СПГ-9 па танку сепаратыстаў. Пасля прамзоны ўтрымліваў адну з адваяваных у баевікоў ДНР пазіцый у раёне данецкай фільтравальнай станцыі», — паведаміў Аляксандр ex-press.by.
Нагадаем, што Аляксандр Малчанаў у пачатку 2000-х быў актывістам руху «Зубр». Браў удзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года. Быў затрыманы 6 студзеня 2011 года ў сябе дома ў Барысаве. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў абразе афіцыйнага сцяга, які ён сарваў з будынка КДБ.
2 сакавіка 2011 года суддзя Фрунзенскага суда Менска Таццяна Чаркас асудзіла Малчанава на тры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі №15 Магілёва. Быў памілаваны Лукашэнкам, хоць прашэння аб памілаванні не пісаў.
Пасля таго, як Малчанаў быў асуджаны па падзеях 19 снежня 2010 года, ён не мог нікуды ўладкавацца на працу. Яго нікуды не бралі, нягледзячы на тое, што раней ён працаваў на Барысаўскім рамонтна-механічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку» і БАТЭ. Збор металалому быў адзіным спосабам яго заробку.
9 красавіка 2012 года быў прысуджаны да аднаго з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму. Ён абвінавачваўся па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж, учынены паўторна, або групай асоб, або з пранікненнем у жыллё). Нібыта ён разам з Арцёмам Ігнацікавым выкралі металалом з тэрыторыі жодзінскага кавальскага завода цяжкіх штамповак. Пры гэтым Аляксандр Малчанаў сваёй віны ў крадзяжы не прызнаў. Былы палітвязень сказаў, што не разбіраў абсталявання, а толькі збіраў іржавыя металічныя прадметы на тэрыторыі цэха, які шмат гадоў не працуе.
Адбыўшы зняволенне ў калоніі строгага рэжыму ў барысаўскіх Навасадах, Аляксандр Малчанаў пераехаў ва Украіну, дзе па кантракце ўступіў у рады Узброеных сіл гэтай краіны.
Медаль «За відвагу» — гэта недзяржаўная ўсеўкраінская ўзнагарода з асаблівым статусам, заснаваная з мэтай фармавання павагі грамадства да герояў АТА, якія ў складаных умовах службы даказалі сваю вернасць абавязку і народу Украіны. Медалём узнагароджваюцца байцы і валанцёры за асабістую мужнасць і адвагу, праяўленыя ў гарачых пунктах АТА.
Паводле ex-press.by