Беларусь для расейскіх турыстаў – культурны шок!
Які вобраз Беларусі закладзены ў свядомасці расейскіх турыстаў напярэдадні наведвання нашай краіны? Чаму беларуская культура для некаторых з іх – “гэта фашызм!” Чым адрозніваюцца польскія і ўкраінскія турысты ад расейскіх?
З турыстычным гідам Ярашам Малішэўскім, які шмат гадоў возіць па Беларусі вандроўнікаў з Расейскай Федэрацыі, сустрэўся Уладзіслаў Ахроменка:
РР: Значная частка вандроўнікаў, якіх ты возіш, – менавіта з Расейскай Федэрацыі. Зацікаўленасці беларускіх і расейскіх вандроўнікаў супадаюць ці розняцца?
Яраш Малішэўскі: Супадаюць яны ў тым, што кожны чалавек мае жаданне пазнаёміцца з Беларуссю. Калі гэта наш суайчыннік, то нешта яму ўжо вядома, нешта – не. А для тых, хто, напрыклад, прыбывае з Усходу, Беларусь – terra incognita. Яны бачаць яе зусім іншай, не такой, якой сабе ўяўлялі. Для іх гэта часам такое адкрыццё, якое я называю “культурным шокам”.
РР: А якая папярэдняя карцінка ў людзей з Усходу пра краіну, у якой яны ніколі не былі і нічога не бачылі?
Яраш Малішэўскі: У палове выпадкаў – а то і больш – у галаве ў такіх людзей складаецца наступная карцінка: агульная палітычная і культурная прастора, мы, як яны мяркуюць, заўжды былі адзінай дзяржавай, таму Беларусь успрымаецца як кавалак Расеі.
РР: І пасля яны бачаць замак у Лідзе, нашыя касцёлы і цэрквы. Як выяўляецца гэты шок?
Яраш Малішэўскі: А далей, сапраўды, пачынаецца адкрыццё невядомай краіны, у якой, як чалавек нечакана для сябе высвятляе, абсалютна іншая гісторыя, культура. Даведваецца, што гэта была гісторыя бясконцых войнаў, супрацьстаянняў. І гэты чалавек – у шоку! Часам даводзілася бачыць і варожую рэакцыю: “Быць такога не можа!” А пасля паступова гэта ўсё ў яго галаве раскладаецца па паліцах і папярэдняя канструкцыя, якая выбудоўвалася 50 гадоў, проста развальваецца…
Рэакцыі былі розныя: ад спакойных да цалкам неспакойных.
РР: А неспакойныя – гэта якія? Прыклад?
Яраш Малішэўскі: “Гэта ж фашызм нейкі! Мы заўсёды разам, адзіны народ! Як так?! ” А пасля яны бачаць замак, касцёл, чуюць нейкую гісторыю. Спачатку гэты чалавек думае, што я нешта прыдумляю. Але пасля гэта ўсё шэрагам ілюструецца. Наступае культурны шок. Чалавек трапляе ў тупік. “Так, мне трэба падумаць, усё асэнсаваць”, – кажа пасля.
Я, напрыклад, ва ўсім гэтым адчуваю пэўны кайф: я адчыняю ім акно ці дзверы ў цалкам невядомае. І такі чалавек, выязджаючы з Беларусі, ужо мае ў галаве зусім іншае ўспрыняцце нашай краіны.
РР: Ці розніцца ментальнасць беларускіх і расейскіх турыстаў?
Яраш Малішэўскі: Я магу параўноўваць, бо працую з тысячамі людзей. І так, розніца назіраецца. Як правіла, беларус – гэта спакойны, разважлівы, досыць закрыты ў сваім свеце, куды імкнецца нікога не ўпускаць (часам за выключэннем блізкіх людзей, і то – абмежавана). Ён стрыманы, культурны: адчувае мяжу, якую пераходзіць нельга. А з другога боку – гэта расейская шчырасць, адкрытасць, разняволенасць.
РР: Беларусь – краіна шматканфесійная. У той час як людзі, якія прыязджаюць з Усходу, – гэта прадстаўнікі праваслаўнага свету. Ці здараліся некалі выпадкі нейкага варожага стаўлення да нашай шматканфесійнасці, шматкультурнасці?
Яраш Малішэўскі: Класічная цытата: “Зараз мы завітаем з вамі ў гэту ўнікальную бажніцу – касцёл XVI стагоддзя”. – Рэакцыя: “Вы што!? Я хрысціянін – у касцёл не пайду! Навошта нам туды ісці?! Я толькі ў хрысціянскія цэрквы хаджу.”
Калі пачынаеш тлумачыць чалавеку, што хрысціянства – гэта значна шырэй за тое, што ён сабе ўяўляў, то ў яго галаве таксама гэта не складаецца. Людзі зноў у шоку. Яны адкрываюць для сябе, што беларусы – гэта шманканфесійны народ. “Як, сярод беларусаў ёсць каталікі?! Што яшчэ за ўніяты? Пратэстанты?! Мы ж адзін народ…” А пасля бачаць, што некаторыя рэгіёны амаль цалкам каталіцкія. І зноў шок. І прыходзіць разуменне таго, што гэта нармальная з’ява. Яны бачаць, што ніхто паміж сабой не канфліктуе, усе жывуць мірна, разам. І для гэтага турыста чарговае адкрыццё – аказваецца, можна жыць з суседам ці сваяком, які іншай веры, не адчуваючы пры гэтым ніякага падзелу.
РР: А ці былі турысты з Польшчы, Украіны?
Яраш Малішэўскі: Вядома, былі. Але іх менш. Нават зусім няшмат. Але яны адчуваць гэтую культурную прастору, шукаюць гэтыя нітачкі, якія нас знітоўваюць. А гэтых нітачак шмат, улічваючы тое, што стагоддзямі жылі ў адной дзяржаве. Таму тут ужо назіраецца супрацьлегласць.
Згодна са статыстыкай, 70% замежных турыстаў, якія летась наведалі Беларусь, паходзілі з Расейскай Федэрацыі. Большасць з іх ацэньваюць нашу краіну пераважна станоўча, але пры гэтым лічаць Беларусь неад’емнай часткай “русского мира”.
Гутарыў Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота plus.google.com