Беларусь гатовая да прыняцця Еўрапейскай Хартыі рэгіянальных моваў
Беларусь цалкам гатовая да прыняцця і імплементацыі Еўрапейскай Хартыі рэгіянальных моваў і моваў меншасцяў. Гэта было агучана падчас прэзентацыі вынікаў праекта ад Савета Еўропы.
У ім прааналізавалі становішча дзевяці нацыянальных меншасцяў, якія былі вылучаныя па ступені прысутнасці на тэрыторыі Беларусі больш за 100 гадоў. Сярод іх першай па колькасці носьбітаў з’яўляецца польская меншасць. Улічваючы, што ў Беларусі існуюць дзве польскіх школы (у Гародні і Ваўкавыску) і 5 польскіх класаў (у Менску, Берасці і Гародні), развіццё польскай мовы як мовы меншасці ацэньваецца станоўча. А прыняцце Хартыі дало б носьбітам нацыянальных меншасцяў дадатковыя механізмы абароны і паказала б перспектывы для ўласных стратэгій па захоўванні, развіцці і распаўсюджванні моваў.
Імплементацыя Хартыі мае гнуткі характар, падкрэслівае Наталля Кутузава з Інстытута філасофіі НАН Беларусі, якая прэзентавала даследаванне:
– Стандарты Хартыі разглядаюцца індывідуальна ў адносінах кожнай мовы. Мы бачым у адносінах польскай мовы большую ступень абароны, у адносінах да літоўскай мовы, таму што дзве школы ёсць, у польскай і літоўскай. У адносінах там да татарскай або эстонскай – меншая ступень абароны. Або вось у адносінах да латышскай мовы.
Прэзентацыя выдання „Рэспубліка Беларусь і Еўрапейская Хартыя рэгіянальных моваў і моваў меншасцяў” было прымеркавана двум падзеям – Міжнароднаму дню роднай мовы, які прайшоў 21 лютага, а таксама Дню нулявой дыскрымінацыі, які ў свеце адзначаецца 1 сакавіка.
– Забеспячэнне правоў чалавека – гэта мэта праекта ў праграме Савета Еўропы, і недапушчэнне дыскрымінацыі ў адносінах моўных груп.
Наколькі хутка Беларусь падпіша Еўрапейскую Хартыю рэгіянальных моваў і моваў меншасцяў, меркаваць складана, бо гэта залежыць ад палітычных адносінаў паміж дзяржавай і Саветам Еўропы.
А пазнаёміцца з выданнем можна будзе пазней на сайце Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя