Беларусь і Кітай каардынуюць дзейнасць супраць каранавіруса
Беларусь і Кітай абмяркоўваюць скаардынаваныя падыходы супраць распаўсюджвання каранавіруса. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Дапкюнаса з паслом Кітая ў Беларусі Цуй Цымінам, паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Фота МЗС
„Беларускі і кітайскі дыпламаты прадоўжылі пачатае некалькімі днямі раней абмеркаванне скаардынаваных падыходаў улад Беларусі і Кітая па папярэджанні распаўсюджвання каранавіруса і забеспячэнні належнай аховы здароўя насельніцтва”, – паведамілі ў МЗС.
Намеснік міністра і пасол звярнулі ўвагу на важнасць выканання рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб неабходнасці папярэджання чутак і дэзынфармацыі ў сувязі з успышкай каранавіруса.
Пасол КНР выказаў ад імя кітайскіх улад вялікую ўдзячнасць за чарговы гуманітарны груз, які Беларусь перадала Кітаю. Ён адзначыў, што Беларусь стала першай у свеце краінай, якая накіравала ў Кітай два самалёты.
Андрэй Дапкюнас і Цуй Цымін таксама абмеркавалі ўдасканаленне ўзаемадзеяння ў галіне грамадскай інфармацыі і каардынацыю сумесных дзеянняў у міжнародных арганізацыях.