Беларусь і Латвія думаюць пра перавозку хакейных заўзятараў



Беларусь і Латвія прапрацоўваюць пытанні перавозкі заўзятараў у час чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе прымуць абедзве краіны. Аб гэтым паведаміў  журналістам 30 верасня намеснік міністра транспарту і камунікацый Андрэй Іваноў пасля пасяджэння рабочай групы па транспарце латвійска-беларускай міжурадавай камісіі па пытаннях эканамічнага, прамысловага, навуковага і тэхнічнага супрацоўніцтва.

«Мы сёння абмяркоўвалі падрыхтоўку да чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Разглядалі пытанні перавозкі пасажыраў, узаемадзеяння на ўзроўні мытных і памежных ведамстваў. Магчыма, будуць нейкія льготы пры перасячэнні мяжы, прапрацоўваем розныя варыянты. Зробім усё магчымае, каб мяжу можна было перасекчы без праблем і каб балельшчыкі адчувалі сябе камфортна», – сказаў Андрэй Іваноў.

Намеснік дзяржаўнага сакратара Міністэрства зносін Латвіі Улдыс Рэйманіс падкрэсліў, што ўсе арганізацыйныя пытанні пры падрыхтоўцы да ЧС-2021 па хакеі будуць вырашаны на самым высокім узроўні, у тым ліку наконт транспартных зносін паміж дзвюма краінамі. Разглядаецца магчымасць назначэння дадатковых пасажырскіх цягнікоў. «Нашы спецыялісты ўжо сёння адпрацоўваюць пытанні праходжання балельшчыкамі мытні і пагранічнай службы, каб не было чэргаў у пунктах пропуску», – адзначыў ён.

З пачатку года ў адносінах да аналагічнага перыяду 2018-га адзначаецца некаторае зніжэнне аб’ёмаў двухбаковых грузаперавозак. «Мы лічым, што гэта часова, – падкрэсліў Андрэй Іваноў. – Сёння абмеркавалі тыя меры, якія дазволяць як мінімум не дапусціць далейшага спаду, а па магчымасці павялічыць абʼёмы».

На пасяджэнні рабочай групы разглядалася таксама развіццё супрацоўніцтва ў галіне чыгуначнага, аўтамабільнага, авіяцыйнага транспарту і дарожнага будаўніцтва.

БелТА