Беларусь і Літва рыхтуюць новы дагавор у галіне сацзабеспячэння
Беларусь і Літва рыхтуюць новы дагавор у галіне сацыяльнага забеспячэння, паведаміла прэс-служба беларускага Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Праект гэтага дакумента абмеркаваны 13—15 чэрвеня ў Міністэрстве сацыяльнай абароны і працы Літоўскай Рэспублікі, дзе адбыўся другі раўнд кансультацый беларускіх і літоўскіх экспертаў па выпрацоўцы ўзгодненых прапаноў у новы праект дагавора.
У ходзе кансультацый эксперты бакоў абмяняліся інфармацыяй пра змены ў заканадаўстве Беларусі і Літвы. Эксперты дэталёва абмеркавалі прапановы ў праект дагавора. Прыняты ўзгодненыя рашэнні па размеркаванні абавязацельстваў дзяржаў па прызначэнні і выплаце пенсій, страхавых выплат у сувязі з няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці. У частцы пенсійнага забеспячэння дагавор будзе заснаваны на прапарцыйным прынцыпе, які прадугледжвае прызначэнне і выплату пенсій дзяржавай, на тэрыторыі якой набыты стаж, у тым ліку ў перыяд СССР. Дасягнута дамоўленасць аб замацаванні ў праекце дагавора палажэнняў, якія тычацца перагляду пенсій, прызначаных да ўваходжання ў сілу дагавора, па заяве асобы.
Прынята ўзгодненае рашэнне аб дадатковай прапрацоўцы экспертамі да наступных кансультацый (плануюцца ў пачатку 2019 года) асобных пытанняў, якія тычацца, у прыватнасці, экспарту дапамог, аказання медыцынскай дапамогі грамадзянам. Па выніках кансультацый падпісаны адпаведны пратакол.
Цяпер пытанні сацыяльнага забеспячэння грамадзян, якія пражываюць у Беларусі ці Літве, рэгулююцца дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай аб сацыяльным забеспячэнні ад 4 лютага 1999 года. У сувязі з пераўтварэннямі ў галіне сацыяльнага забеспячэння ў нацыянальных заканадаўствах Беларусі і Літвы спатрэбілася змена палажэнняў дагавора. З улікам множнасці змяненняў прынята рашэнне аб заключэнні новага дагавора. БелаПАН