Беларусь і Польшча будуць развіваць супрацу ў прыродаахоўнай сферы
Пра гэта ішла размова ў час рабочай сустрэчы міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэя Худыка з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім. Такая інфармацыя размешчана на сайце Мінпрыроды.
Андрэй Худык адзначыў, што Беларусь і Польшча накапілі вялікі практычны вопыт супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. „Экалогія не мае межаў, таму мы будзем і далей развіваць наша супрацоўніцтва ў гэтай сферы”, – падкрэсліў ён. Абодва бакі выказалі ўпэўненасць у далейшым паглыбленні плённага ўзаемадзеяння.
Беларусь і Польшча стварылі рабочыя групы па трансгранічным аб’екце Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА „Белавежская пушча”, па водных рэсурсах. Пастаўленыя задачы паспяхова вырашаюцца. Таксама функцыянуе Заходне-Бугскі басейнавы савет, каардынацыйны савет трансгранічнага беларуска-польска-ўкраінскага біясфернага рэзервата „Заходняе Палессе”. Праводзяцца сумесныя навукова-практычныя даследаванні, накіраваныя на захаванне зубра еўрапейскага ў Беларусі і Польшчы, рэалізуецца шэраг іншых сумесных мерапрыемстваў.