Беларусь і Украіну злучыць агульны турыстычны водны маршрут
Агульны водны маршрут распрацавалі спецыялісты беларускага дзяржаўнага заказніка “Сярэдняя Прыпяць і Прастыр” ды ўкраінскага Нацыянальнага парку “Прыпяць-Стаход”. У межах міждзяржаўнай праграмы транспамежнага супрацоўніцтва ўсе неабходныя працэдуры вытрыманы.
Падтрымку аказваюць фонды ЮНЭСКа. Супрацоўніцтва ў гэтым напрамку павінна палепшыць турыстычную інфраструктуру ў беларуска-ўкраінскім памежжы.
Дырэктар заказніка “Сярэдняя Прыпяць і Прастыр” Віктар Бяленка адзначыў, што ўжо гатовыя да рэалізацыі некаторыя праекты:
– У нас ёсць праекты па сумеснай працы, менавіта сплаў па рацэ Прыпяць, якая пачынаецца ва Украіне, менавіта ў гэтым нацыянальным парку “Прыпяць-Стаход”. Я думаю, што мы вось на гэтую праграму будзем звяртаць больш увагі. Я думаю, што ў наступным годзе мы якое-небудзь мерапрыемства ўжо, так бы мовіць, практычнае, а не тэарэтычнае, думаю мы зможам правесці сумесна з украінскім бокам.
Турысты, якія наведваюць Палессе, даўно выказваліся пра неабходнасць стварэння воднага маршруту па якім можна было б праплыць на байдарках з беларускай часткі ва ўкраінскую і наадварот.
Беларускае Радыё Рацыя