Беларусь можа павялічыць колькасць турыстаў да 25 мільёнаў?
Беларусь можа павялічыць колькасць замежных гасцей да 25 мільёнаў штогод, паведамляе Сусветная турыстычная арганізацыя.
За апошні год краіну наведала 6 мільёнаў замежных грамадзян. На першым этапе можна давесці колькасць турыстаў да 12 мільёнаў – і для гэтага ў Беларусі ўсё ёсць.
Пра гэта заявіў у Менску генеральны сакратар Сусветнай турыстычнай арганізацыі Талеб Рыфаі пасля сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму:
– Беларусь павінна запрасіць свет да сябе і сказаць: “Запрашаем у Беларусь!”, таму я кажу пра палітычную волю. Вам не трэба інвеставаць больш у інфраструктуру ў дадзены момант, вам дастаткова ўсяго. Калі вы павялічыце колькасць турыстаў ад 6 да 9 мільёнаў, тады трэба зрабіць новую хвалю інвеставання ў інфраструктуру.
Талеб Рыфаі заклікае да актыўнасці ў інфармацыйнай працы па папулярызацыі Беларусі на сусветным рынку.
Беларускае Радыё Рацыя
