Беларусь на 1-м месцы сярод постсавецкіх краін па атаках на журналістак у 2020 годзе
У мінулым годзе не менш за 1.129 жанчын — прафесійных і грамадзянскіх журналістак з 12 краін былога СССР (без Балтыйскіх дзяржаў) зведалі атакі за сваю працу. Рэкардсменам па абсалютнай колькасці нападаў на журналістак была Беларусь, на другім месцы — Расія, на трэцім — Украіна, адзначаецца ў дакладзе фонду „Справядлівасць для журналістаў”, падрыхтаваным да Міжнароднага жаночага дня.
У адносных велічынях самай небяспечнай з постсавецкіх краін для працы журналістам з’яўляецца Беларусь: каэфіцыент рызыкі (разлічваецца як колькасць атак на 100 тысяч насельніцтва) складае 14,61. Самы меншы гэты каэфіцыент ва Узбекістане — 0,37. Для Туркменістана валідныя разлікі зрабіць не ўяўляецца магчымым у сілу амаль поўнай інфармацыйнай ізаляцыі краіны.
„Больш за ўсё журналістак у абсалютных велічынях пацярпела ў Беларусі — 382. 11 з іх атрымалі кулявыя раненні, кантузіі ад святлошумавых гранат або былі збітыя пры затрыманні падчас іх працы на жнівеньскіх акцыях пратэсту. Зафіксавана 107 выпадкаў затрыманняў (на тэрмін да 24 гадзін) і 48 арыштаў (на суткі і больш) журналістак”, — паведамляецца ў дакладзе.
Адзначаецца, што ў 96% выпадкаў атакі на журналістак, якія працуюць у Беларусі, зыходзілі ад прадстаўнікоў улады: міліцыі, АМАПа і іншых дзяржаўных сілавых структур.
Паводле звестак фонду, найбольш інтэнсіўныя атакі зведалі журналісткі Ларыса Шчыракова („Белсат”, журналістка-фрылансар) — 26 атак, у ліку якіх 10 штрафаў, два затрыманні, канфіскацыя камп’ютара, два арышты; Кацярына Андрэева („Белсат”, журналістка) — 16 атак, у ліку якіх два штрафы, два затрыманні, два арышты, канфіскацыя прафесійнай тэхнікі, вобшук. 18 лютага 2021 года Андрэева і яе калега, журналістка „Белсата” Дар’я Чульцова былі асуджаныя на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму; Аліна Скрабунова („Белсат”, журналістка-фрылансар) — 14 атак, у ліку якіх чатыры штрафы, тры затрыманні, адзін арышт.
Фота spring96.org