Беларусь накіравала ў Кітай другі самалёт з гуманітарнай дапамогай
Беларусь накіравала ў Кітай другі самалёт з гуманітарнай дапамогай для падтрымкі ў барацьбе з успышкай каранавіруса. Ваенна-транспартны самалёт Іл-76 5 лютага вылецеў з аэрадрома ў Мачулішчах, паведамляе Міністэрства абароны.
Палёт будзе праходзіць з дзвюма дазапраўкамі – у Новасібірску і Уладзівастоку. Агульны час пералёту складзе каля 20 гадзін. Праводзіць борт з гуманітарнай дапамогай на аэрадром пад Менскам прыехаў пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін.
Паводле інфармацыі МНС, адпраўленая гуманітарная дапамога – гэта тавары медыцынскага прызначэння агульнай вагой каля 20 тон, якія сабраныя згодна з запытам кітайскага боку.
Работы па фармаванні і адпраўцы дапамогі вяліся ў цесным супрацоўніцтве міністэрстваў абароны, аховы здароўя, замежных спраў і па надзвычайных сітуацыях. Гуманітарны груз суправаджаюць беларускія ратавальнікі на чале з намеснікам міністра Ігарам Болатавым.
29 студзеня па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі з Беларусі ў Кітай вылецеў першы самалёт з дапамогай для падтрымкі ў барацьбе з каранавірусам. У КНР было накіравана 20 тон гуманітарнай дапамогі. Груз фармаваўся ў адпаведнасці з запытам кітайскага боку. Гэта 4,5 тоны антыбіётыкаў, якія найбольш запатрабаваныя пры лячэнні ўскладненняў віруснай інфекцыі, больш за 10 тон дэзінфектантаў рознага прымянення, сродкі засцярогі для медперсаналу (пальчаткі, маскі, аднаразовае адзенне), сродкі абеззаражвання паветра.
Падчас сустрэчы з журналістамі 4 лютага Лукашэнка заклікаў спакайней рэагаваць на сітуацыю з распаўсюджваннем новага каранавіруса. «Трэба камусьці мяжу закрываць – няхай закрываюць. Мы не будзем з кітайцамі перарываць нашы адносіны, – падкрэсліў Лукашэнка. – Але і кітайцы, і нашы людзі, якія прыязджаюць з Кітая (мы пра гэта пасла праінфармавалі), у аэрапорце мы іх надглядаем, на каранцін бярэм, абследуем. У нас спецыялістаў для гэтага дастаткова».
Паводле звестак Дзяржкамітэта КНР па справах аховы здароўя, на раніцу 5 лютага лік заражаных каранавірусам у Кітаі перавысіў 24,6 тысячы, 490 чалавек памерла. Вірус выяўлены больш чым у 20 краінах.