Беларусь накіруе ў Сірыю гуманітарную дапамогу на 500 тысяч рублёў
Беларусь адправіць у Сірыю гуманітарную дапамогу. Адпаведная пастанова ўрада (№ 595 ад 8 жніўня) апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Адказнасць за арганізацыю дастаўкі ўскладзеная на Міністэрства прамысловасці, МНС, канцэрн „Беллегпрам” і Гарадзенскі аблвыканкам.
У якасці гуманітарнай дапамогі ў марскі порт Латакія будуць дастаўленыя тры самазвалы „МАЗ”, больш за 55 тысяч адзінак дзіцячага харчавання, 2,5 тысяч прадметаў адзення і тысяча пар абутку для дзяцей на агульную суму 533 тысячы 437,07 рубля.
МЗС Сірыі ў верасні 2016 года выказвала Беларусі падзяку за папярэднія пастаўкі гуманітарных грузаў у зону канфлікту. У прыватнасці, пасольства Беларусі ў краіне сумесна з расейскім Цэнтрам па прымірэнні ў Сірыі ў пачатку мінулай восені правялі дзве гуманітарныя акцыі ў Алепа. Ва ўніверсітэцкі шпіталь, бальніцу і клініку сардэчна-сасудзістай хірургіі былі дастаўленыя медыкаменты, а ў дзіцячы дом — тавары для дзяцей. Перададзена 23 тоны гуманітарных грузаў. Акрамя таго, у адзін з лагераў для часова перамешчаных асоб было дастаўлена больш за дзве тоны гуманітарнага грузу — цукар, мука, рыс, кансервы і гарбата.
Паводле БелаПАН