Беларусь міжволі анексуе тэрыторыю Украіны



Пра гэта паведамляе чарнігаўская газета «Сівершчына». Адбываецца анексія праз змену дняпроўскага рэчышча.

Згодна з дамовай паміж Беларуссю і Украінай ад 1997 года, дзяржаўная мяжа паміж Гомельскай і Чарнігаўскай абласцямі праходзіць па фарватары Дняпра. Прытым пра змену фарватару ці рэчышча ў міжнароднай дамове нічога не прапісана.

Але Дняпро мяняе рэчышча штогод, прытым новае рэчышча перасоўваецца ўглыбіню Украіны. Толькі за апошні год памежная рэчка адхапіла на бок Беларусі каля пяцісот квадратных метраў зямлі. Паводле нормаў міжнароднага права гэта азначае страту тэрыторыі.

Украінскія гідролагі мяркуюць, што бліжэйшым часам Дняпро можа значна перасунуцца ўглыбіню Украіны, прытым фарватар будзе праходзіць бліжэй да ўкраінскага берага. Што азначае, што каля 600 гектараў тэрыторыі ператворацца ў востраў, які аўтаматычна пераходзіць пад юрысдыкцыю Беларусі.

Сітуацыю можа паправіць умацаванне берагоў, але на гэта ў украінскага боку пакуль няма грошай.

Беларускае Радыё Рацыя