Беларусь па-ранейшаму прывабная для наркадылераў
На фоне існуючай наркапагрозы ў Беларусі ўдаецца эфектыўна ўплываць на сітуацыю, заявіў 18 лютага на пасяджэнні прэзідыума Саўміна прэм’ер-міністр Сяргей Румас, словы якога размясціла прэс-сакратар урада Аляксандра Ісаева ў «Фэйсбуку».
Прэмʼер-міністр адзначыў, што пытанні процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў на працягу года не раз станавіліся прадметам абмеркавання. Ацэнку працэсам, што адбываюцца, даў кіраўнік дзяржавы на нарадзе, якая адбылася ў кастрычніку мінулага года.
«Усімі зацікаўленымі былі зроблены высновы, прыняты рашэнні, накіраваныя на захаванне стабільнай сітуацыі, мінімізацыю рызык, звязаных з абаротам наркотыкаў і ўцягваннем у незаконную дзейнасць маладых людзей, павышэнне ўзроўню наркалагічнай дапамогі і вяртанне ў грамадства асоб, якія пакутуюць на нарказалежнасць. Трэба прызнаць, на фоне існуючай наркапагрозы нам удаецца эфектыўна ўплываць на сітуацыю», – падкрэсліў Румас.
«Але, на жаль, спробы ўвозу ў Беларусь забароненых рэчываў і выкарыстання нашай краіны ў якасці краіны транзіту не скарачаюцца. Беларусь па-ранейшаму прывабная для наркадылераў. У сувязі з гэтым дзейнасць праваахоўнікаў павінна быць адэкватная выклікам і пагрозам, якія зʼяўляюцца. Відавочна, што ў апошні час пытанні антынаркатычнай палітыкі ўжо перасталі быць праблемай выключна сілавых структур і сталі напаўняцца сацыяльнай кампанентай. Усё больш намаганняў канцэнтруецца на прафілактыцы», – падкрэсліў прэмʼер-міністр.
Як адзначыў кіраўнік урада, прафілактычныя меры, якія прымаюцца, не заўсёды адпавядаюць сітуацыі і прыносяць жаданы вынік. На гэта звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы. Рэаліі сённяшняга дня патрабуюць перагляду існуючых формаў і метадаў працы з пункту гледжання як эканамічнай і сацыяльнай эфектыўнасці, так і іх успрымання грамадствам.
«Бясспрэчна, наркаманія – гэта хранічнае захворванне. Нарказалежныя ў большасці сваёй не ўцягнутыя ў сацыяльныя і тым больш эканамічныя працэсы. На жаль, універсальных лекаў ад наркаманіі не існуе. Але ёсць падыходы, якія дазваляюць вывесці чалавека з ценю, дапамагчы яму вярнуцца да нармальнага жыцця. І тут таксама важны не праваахоўны складнік, а эфектыўная сістэма лячэння і рэабілітацыі. Аднак складанасць і шматграннасць праблемы наркаманіі такая, што і гэтых элементаў недастаткова для вызвалення ад залежнасці. Калі пацыенты пасля лячэння і рэабілітацыі прадастаўлены самі сабе, не арганізаваны працэс іх пастаяннай занятасці і сацыялізацыі, вяртанне ў ранейшы заганны круг немінучае», – адзначыў прэмʼер-міністр.