Беларусь падрыхтавала аўтобусы для перавозкі расейскіх грамадзян з Польшчы
Беларусь падрыхтавала аўтобусы для перавозкі расейскіх грамадзян з Польшчы да мяжы РФ, паведаміў на прэс-канферэнцыі 19 сакавіка ў Менску міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка.
«Мы сёння з пагранічным камітэтам прапрацавалі гэтыя маршруты, – сказаў ён. – Сёння мы гатовыя перавозіць расейцаў у напрамку мяжы. У нас ужо падрыхтаваныя аўтобусы. Па меры таго, як будуць фармавацца групы тых расейскіх грамадзян, якія захочуць выехаць з Польшчы праз нашы пункты пропуску (у нас зараз ажыццяўляецца рух па трох пунктах пропуску – два ў Берасцейскай і адзін у Гарадзенскай вобласці), мы гатовыя дастаўляць да расейскай мяжы».
Намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас удакладніў, што, паводле інфармацыі беларускага пасольства ў Варшаве, расейцаў, якія жадаюць выехаць з Польшчы праз Беларусь, няшмат. «Пяць-сем зваротаў за дзень», – канкрэтызаваў ён.
«Паводле слоў расейскіх калегаў, па-сапраўднаму крытычная сітуацыя была некалькі дзён таму, – адзначыў чыноўнік. – Толькі ўчора ўвечары пасол Расеі ў Польшчы звярнуўся да нашага пасла з гэтай праблемай. Там не такая крытычная сітуацыя, каб людзі завісалі, але галоўны сэнс у тым, што незалежна ад вастрыні сітуацыі беларускія ўлады, беларускія замежныя ўстановы гатовыя ставіцца да расейскіх грамадзян, як да сваіх грамадзян, дапамагаць ім і спрыяць».
Раніцай 19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі, даручыў дапамагчы расейцам, якія знаходзяцца ў Польшчы, вярнуцца на радзіму.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што краіны ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса закрылі свае межы, спрабуючы засцерагчыся ад увозу інфекцыі. На думку Лукашэнкі, такія рашэнні не пазбаўляюць ад праблемы і штучна ствараюць сітуацыю, калі чалавек не можа трапіць дадому.
«Вазьміце расейцам, якія сёння ў Польшчы: яны не могуць выехаць у Расею. Калі каля нашых межаў сабралася пэўная колькасць расейцаў, Ігар Пятровіч, вам персанальнае даручэнне: прыцягвайце каго хочаце, але трэба вывезці расейцаў з Польшчы і дапамагчы ім дабрацца на радзіму», – звярнуўся Лукашэнка да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергяенкі.
«Гэта не справа, што нашы браты там сядзяць, зразумела, у якой сітуацыі. Трэба ім дапамагчы, як бы ў нас ні складваліся адносіны з расейскімі ўладамі. Людзі ні ў чым не вінаватыя», – падкрэсліў беларускі кіраўнік.
Ён даручыў прыцягнуць да вырашэння гэтага пытання Міністэрства замежных спраў і праваахоўныя структуры. «Няхай дапамогуць расейцам пакінуць Польшчу. Вывезіце іх на радзіму, калі расейцы (улады. – заўв.) не могуць там разабрацца», – дадаў Лукашэнка. Ён адзначыў, што шматлікія краіны закрылі сваю тэрыторыю для замежнікаў. Так зрабілі і пяць краін – суседак Беларусі. «Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта ўжо пацвярджаецца. Гэта ніяк не абараняе Расею. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём межаў. Цяпер у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа патрапіць дадому. Нам трэба прыняць усе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў найбліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы», – падкрэсліў Лукашэнка.