Беларус падзякаваў нацпаліцыі Украіны
Незвычайную падзяку ад нашага земляка атрымала Нацыянальная паліцыя Украіны. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс “Валынь”.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Сёлета напачатку жніўня беларус Дзяніс 1981 г. н. прыехаў у Луцк на традыцыйны рок-фестываль “Бандэрштадт”. Наш зямляк крыху не разлічыў свае магчымасці, перабраў спіртнога і заблукаў у незнаёмым горадзе, дзе і патрапіў у вадаём. Неўзабаве прыехала паліцыя. Украінскія праваахоўнікі з разуменнем паставіліся да сітуацыі: яны не толькі дапамаглі моцна падпітаму госцю з Беларусі выбрацца з вады, але і задарма адвезлі яго на тэрыторыю намётавага гарадка, дзе і аддалі ў рукі сяброў.
“У мяне на радзіме сустрэча з праваахоўнікамі ў маім стане скончылася б сумна. Баюся, мяне б нават і не выслухалі”, – падзяліўся ўражаннямі Дзяніс.
У лісце наш зямляк выказаў меркаванне, што з такой паліцыяй ў Украіны сапраўды ёсць будучыня.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя