Беларусь – першая сярод еўрапейскіх краін у Глабальным індэксе рабства



Беларусь заняла 20-е месца ў свеце і 1-ае сярод еўрапейскіх краін у Глабальным індэксе рабства, які падрыхтавала міжнародная праваабарончая арганізацыя Walk Free Foundation.

„У Еўропе і Цэнтральнай Азіі Туркменістан, Беларусь і Македонія — краіны з самым высокім узроўнем распаўсюджвання сучаснага рабства”, — гаворыцца ў даследаванні.

Да сучасных формаў рабства Walk Free Foundation адносіць прымусовую працу, прымусовыя шлюбы, гандаль людзьмі.

Элементы прымусовай працы праваабаронцы бачаць у тым, што ў Беларусі праводзяцца суботнікі, і „работнікам дзяржаўных арганізацый патрабуецца працаваць у выходныя і ахвяраваць даходы на фінансаванне ўрадавых праектаў”.

Акрамя гэтага, праваабаронцы ў справаздачы спасылаюцца на матэрыялы Міжнароднай арганізацыі працы, якая раней неаднаразова заяўляла аб наяўнасці прымусовай працы ў Беларусі.

Паводле даных Walk Free Foundation, у 2016 і 2017 гады ў 20 краінах зафіксаваныя выпадкі, калі ўлады пад пагрозай пакарання змушалі насельніцтва працаваць. Адзінай еўрапейскай краінай, якую праваабаронцы ўключылі ў гэты пералік, стала Беларусь.

Першае месца ў Глабальным індэксе рабства заняла Паўночная Карэя, суседнія з Беларуссю краіны размясціліся наступным чынам: Украіна на 49-м месцы, Літва — на 59-м, Расея — на 64-м, Польшча — на 100-м месцы з 167 дзяржаў.

БелаПАН