Беларусь плануе да 2020 года поўнасцю перайсці на бязвыплатнае донарства крыві



Беларусь плануе да 2020 года поўнасцю перайсці на бязвыплатнае донарства крыві, пакуль жа толькі кожнае чацвёртае даванне крыві бясплатнае, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра (РНПЦ) трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка 13 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай Дню донара крыві (14 чэрвеня).

Паводле яго слоў, самае бяспечнае донарства — бязвыплатнае і пастаяннае, калі донарам рухае толькі жаданне дапамагчы і ён здае кроў перыядычна. У сувязі з гэтым Карпенка адзначыў важнасць фармавання культуры бязвыплатнага донарства.

Зараз у донараў спалучаная матывацыя, якая ўключае жаданне дапамагчы, адзначыў ён. „Мы і цяпер можам патэлефанаваць пастаяннаму донару (аплатнаму і бясплатнаму), папрасіць, напрыклад, здаць канцэнтрат трамбацытаў, якія запатрабаваныя ў дзіцячай анкалогіі. Кругласутачна можам патэлефанаваць, і ён прыедзе”, — сказаў дырэктар РНПЦ.

Паводле слоў Карпенкі, за пяць месяцаў 2017 года ў Беларусі прыблізна 25% данацый крыві былі бязвыплатныя. Для павелічэння долі бязвыплатнага донарства плануецца змяніць закон „Аб донарстве крыві і яе кампанентаў”, сказаў Карпенка. Магчыма, званне „ганаровы донар” будзе прысвойвацца толькі тым, хто здае кроў бясплатна.

Для ганаровых донараў прадугледжваюцца льготы, напрыклад пазачарговае абслугоўванне ў дзяржаўных установах аховы здароўя, адпачынак у зручны час і 40-працэнтная надбаўка да мінімальнага памеру пенсіі паводле ўзросту.

Ганаровы донар крыві Яўген Чарнавус заявіў, што яго матывацыя здаваць кроў заключаецца ў разуменні значнасці донарскай крыві. Пры гэтым ён адзначыў, што „матэрыяльны складнік таксама важны, і гэты аспект з’яўляецца фактарам матывацыі”. Бо донарства крыві і кампанентаў прадугледжвае здаровы спосаб жыцця, спажыванне пэўных прадуктаў і вітамінаў, што патрабуе матэрыяльных выдаткаў, растлумачыў Чарнавус. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што калі донар здае кампаненты крыві некалькі разоў на месяц і, адпаведна, адсутнічае на працы, часам мае праблемы з працадаўцам, які не гатовы з гэтым мірыцца.

Згодна са звесткамі службы крыві, у Беларусі прыкладна 95 тысяч донараў, за апошнія два гады іх колькасць павялічылася на 10 тысяч. Аб’ёмы нарыхтоўкі крыві дастатковыя для краіны, яна не прадаецца за мяжу і не закупляецца за межамі Беларусі. На тысячу жыхароў краіны прыпадае 23 літры нарыхтаванай крыві. Паводле нарматыву СААЗ, для арганізацыі нацыянальнай бяспекі павінна быць не менш за 20 літраў. Служба крыві гарантуе бяспеку крыві і яе кампанентаў, якія выкарыстоўваюцца ва ўстановах аховы здароўя.

belapan.by